БЕЛ Ł РУС

Беларускія шпіёны пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША і краінах Еўропы. Хто яны? Поўны спіс

26.05.2026 / 11:09

Nashaniva.com

Аб'яднанне былых сілавікоў Belpol апублікавала першую частку маштабнага расследавання пра сетку беларускіх спецслужбаў за мяжой. Названыя імёны супрацоўнікаў КДБ і ГРУ, што працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём у ЗША, Еўропе і Расіі.

Будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Фота: LookByMedia

У беларускіх спецслужбах шпіянажам у замежных краінах пад дыпламатычным прыкрыццём займаецца Упраўленне знешняй разведкі Цэнтральнага апарату КДБ і Галоўнае разведвальнае ўпраўленне Генеральнага штаба ўзброеных сіл. Гэта ваенная разведка, яе скарочанае найменне — ГРУ. Дыпламатычнае прыкрыццё — гэта ўкараненне прадстаўнікоў спецслужбаў на пасады дыпламатаў Міністэрства замежных спраў.

У апараце МЗС прадстаўнікі спецслужбаў на пастаяннай аснове сканцэнтраваны ва ўпраўленні дыпламатычнай бяспекі, які падзяляецца на рэжымна-сакрэтны аддзел, сектар уласнай бяспекі і сектар спецыяльнай сувязі. Усе кіруючыя і ключавыя пасады ў ім займаюць супрацоўнікі спецслужбаў.

Начальнік упраўлення Усевалад Барысавіч Глушкоў, 1968 года нараджэння. Ураджэнец горада Вілейка Мінскай вобласці, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Макаёнка. У 1989 годзе скончыў Мінскае ваенна-палітычнае вучылішча, мае воінскае званне палкоўнік, пад дыпламатычным прыкрыццём з 2010 года. Быў з шпіёнскімі місіямі ў Літве, Латвіі, Польшчы і Францыі. Супрацоўнік КДБ, у гэты момант ужо можа быць на пенсіі.

Намеснік начальніка ўпраўлення дыпламатычнай бяспекі МЗС, начальнік рэжымна-сакрэтнага аддзела Андрэй Дзмітрыевіч Швец, 1972 года нараджэння. Ураджэнец горада Ноўгарад, Расія. Супрацоўнік КДБ, зарэгістраваны ў вёсцы Копішча Мінскага раёна, таксама мае нерухомасць у Мінску. Скончыў Акадэмію МУС у 1999 годзе і адразу быў адкамандзіраваны для праходжання далейшай службы ў КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2008 года. Доўгі перыяд шпіёніў у Літве, затым у Германіі і Польшчы.

Загадчык сектара ўласнай бяспекі Алег Уладзіміравіч Байкевіч, 1979 года нараджэння. Ураджэнец Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Нёманская. У КДБ служыць больш за 20 гадоў. З 2013 па 2018 гады быў шпіёнам у Ізраілі пад дыпламатычным прыкрыццём. Займаў пасаду саветніка пасольства па адміністрацыйна-прававых пытаннях. У маі 2021 года атрымаў пашпарт прыкрыцця на прозвішча Алег Уладзіміравіч Бурчыц, 1978 года нараджэння.

Галоўны спецыяліст сектара ўласнай бяспекі — ураджэнец Віцебска Эдуард Анатольевіч Долмат, 1978 года нараджэння. У рэальнасці ён супрацоўнік цэнтральнага апарату КДБ. У цяперашні час зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Казіміраўская. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2021 года. Пад выглядам дыпламата выязджаў у камандзіроўкі ва Украіну.

Загадчыкам сектара спецыяльнай сувязі з’яўляецца ураджэнец горада Троіцк Чалябінскай вобласці Расіі Віктар Пятровіч Каменеў, 1958 года нараджэння. Афіцыйна ён пенсіянер Міністэрства абароны, але службу праходзіў у ГРУ. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Міхася Лынькова. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2009 года. З такімі паездкамі быў у Літве, Украіне, Польшчы, Турцыі і іншых краінах.

Раней сектарам спецыяльнай сувязі кіраваў Яўген Віктаравіч Сцяклоў, 1971 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Старавіленская. У 1992 годзе скончыў Краснадарскае вышэйшае вайсковае вучылішча. Пасля служыў ва Упраўленні вайсковай контрразведкі КДБ. Быў начальнікам аддзела. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2010 года. Шмат разоў выязджаў у замежныя камандзіроўкі ў Польшчу, Турцыю, Аўстрыю, Латвію, Літву, Бельгію, Францыю і Вялікабрытанію.

Шпіёны пад прыкрыццём беларускіх дыппрадстаўніцтваў за мяжой

Пасольства Беларусі ва Украіне

Саветнік пасольства Уладзімір Анатольевіч Зубкоў, 1984 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Мястраўская. Ён скончыў Мінскае Сувораўскае вайсковае вучылішча, потым Вайсковую акадэмію Беларусі. Потым Зубкоў паступіў на службу ў КДБ, з’яўляўся супрацоўнікам Цэнтральнага апарату. У МЗС яго ўкаранілі ў 2019 годзе. У 2020 годзе атрымаў дыпламатычнае прыкрыццё.

Ваенны аташэ Ігар Сяргеевіч Шматок, 1979 года нараджэння. Ураджэнец горада Секешфехервар, Венгрыя — у сям'і савецкага афіцэра. Першапачаткова служыў у брыгадзе спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС (вайсковая часць 3214). У 2002 годзе ён быў адкамандзіраваны ў ГРУ, дзе і служыць дагэтуль. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2014 года. Зарэгістраваны ў Мінску, па вуліцы Карвата. У 2011 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Ігар Аляксандравіч Няхай, 1979 года нараджэння. На гэтае ж прозвішча было аформлена фіктыўнае пасведчанне кіроўцы.

Пасля выезду з Украіны Уладзімір Зубкоў і Ігар Шматок апынуліся на тых жа пасадах у пасольстве Беларусі ў Малдове.

Памочнік вайсковага аташэ Яўген Анатольевіч Касавец, нарадзіўся ў 1982 годзе ў сям’і савецкага афіцэра, які служыў у Чэхаславакіі. У 2003 годзе скончыў Акадэмію МУС Беларусі, служыў у міліцыі ў Маскоўскім РУУС горада Мінска. У 2007 годзе ён быў адкамандзіраваны ў Міністэрства абароны і ў выніку апынуўся ў ГРУ. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Адзінцова. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2018 года. Да місіі ва Украіне ў замежныя камандзіроўкі па лініі ГРУ не выязджаў. Мае пашпарт прыкрыцця, выдадзены ў 2016 годзе на даныя Яўген Аляксандравіч Мартынаў, 1982 года нараджэння.

Памочнік вайсковага аташэ — Віталь Віктаравіч Мельнікаў, 1984 года нараджэння. Ураджэнец горада Ветка Гомельскай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Грушаўская непасрэдна пры вайсковай часці ГРУ. Раней служыў у Брэсцкім разведцентры ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна. Шпіёнская місія ва Украіне — яго першая замежная камандзіроўка. У 2016 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Віталь Віктаравіч Мельнік, 1984 года нараджэння. На гэтыя ж даныя Мельнікаў аформіў фальшывае пасведчанне кіроўцы і чатыры нумары тэлефоннай сувязі.

Першы сакратар пасольства Дзмітрый Уладзіміравіч Пралюк, 1982 года нараджэння. Ураджэнец горада Слонім Гродзенскай вобласці. Скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Спачатку служыў ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці. Затым быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі Цэнтральнага апарату КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2019 года. Да Украіны ў замежных камандзіроўках не быў. У 2013 годзе ён атрымаў пашпарт прыкрыцця на даныя Канстанцін Вікенцьевіч Ярашэвіч, 1981 года нараджэння.

Пасольства Беларусі ў ЗША

Саветнік пасольства, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні, Андрэй Віктаравіч Марцьянаў, 1974 года нараджэння. Супрацоўнік упраўлення знешняй разведкі КДБ. Нарадзіўся ў горадзе Кобрын Брэсцкай вобласці, але доўгі час жыў у горадзе Орша Віцебскай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Лабанка. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2013 года. Раней у якасці псеўдадыпламата быў у Турцыі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Аташэ па пытаннях абароны Андрэй Уладзіслававіч Мішута, 1973 года нараджэння. Ураджэнец горада Ліда Гродзенскай вобласці. Супрацоўнік Цэнтра замежнай вайсковай інфармацыі ГРУ. Раней служыў у 46‑м асобным разведвальным батальёне і ва Упраўленні міжнароднага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Беларусі. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2008 года. Раней выязджаў у службовыя загранкамандзіроўкі ў Польшчу, Латвію і Францыю.

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН. Горад Нью-Ёрк

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі, Дзяніс Анатольевіч Тарасенка, 1981 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Казіміраўская. Скончыў Акадэмію ФСБ Расіі ў Маскве. Служыў у Баранавіцкім міжраённым аддзеле ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. Пасля быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі КДБ у горад Мінск. Пад дыпламатычным прыкрыццём працуе з 2016 года. Выязджаў у загранкамандзіроўкі ў Аўстрыю, Балгарыю, Турцыю і Ліван.

Маюць прыкметы датычнасці да спецслужбаў:

Саветнік, які курыруе пытанні правоў чалавека, Ігар Сяргеевіч Піліпенка, 1985 года нараджэння. Чалавек з практычна невядомай біяграфіяй. Ураджэнец горада Паставы Віцебскай вобласці, але большую частку жыцця правёў у Мінску. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. Статус дыпламата мае з 2011 года. Раней быў у службовых камандзіроўках у Турцыі, ААЭ, Польшчы, Расіі, Бельгіі і Германіі.

Першы сакратар, які курыруе пратакольныя пытанні, Яўген Аляксандравіч Шаеў, 1989 года нараджэння. Родам з горада Глыбокае Віцебскай вобласці. Скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт. Потым трохі пажыў у горадзе Браслаў Віцебскай вобласці. Прычым у рэгістрацыйных уліках нічога не пазначана, чым ён там займаўся. А ў канцы 2020 года Яўген Шаеў раптам стаў беларускім дыпламатам у ЗША.

Пасольства Беларусі ў Аўстрыі

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні, Віталій Міхайлавіч Прусевіч, 1987 года нараджэння. Ураджэнец горада Маладзечна Мінскай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Казіміраўская. Скончыў Мінскае Сувораўскае вайсковае вучылішча. З’яўляецца супрацоўнікам Упраўлення замежнай разведкі КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2017 года.

Аташэ па пытаннях абароны Павел Міхайлавіч Хацяноўскі, 1976 года нараджэння. Ураджэнец Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Заснавальнікаў. Супрацоўнік Цэнтра замежнай вайсковай інфармацыі ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2016 года.

Аташэ пасольства Аляксандр Дзмітрыевіч Ахрамовіч, 1987 года нараджэння. Нарадзіўся ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Зарэгістраваны ў вёсцы Копішча Мінскага раёна па вуліцы Вікенція Карповіча. Супрацоўнік Цэнтральнага апарата КДБ. Афіцэр-шыфравальшчык пасольства.

Пасольства Беларусі ў Бельгіі

(Яно ж выконвае функцыі прадстаўніцтва пры Еўрапейскім саюзе і НАТА).

Саветнік пасольства па адміністрацыйна-прававых пытаннях Павел Васільевіч Гур’янаў, 1985 года нараджэння. Нарадзіўся ў горадзе Барысаў Мінскай вобласці. Мае ў Мінску дзве кватэры на вуліцы Ельскіх і па вуліцы Герояў 120‑й дывізіі. З’яўляецца супрацоўнікам ГРУ, пад дыпламатычным прыкрыццём ён з 2020 года. У 2019 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Павел Васільевіч Карчагін, 1986 года нараджэння.

Аташэ па пытаннях абароны Дзмітрый Мікалаевіч Лука, 1978 года нараджэння. Нарадзіўся ў горадзе Патсдам, Германія, у сям’і савецкага афіцэра. Зарэгістраваны ў Мінску па Лагойскім тракце. Скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі і служыў там некаторы час, затым перавёўся ў ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2013 года. У 2021 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Дзмітрый Мікалаевіч Бялоў, 1976 года нараджэння.

Першы сакратар, які курыруе консульскія пытанні — Дзмітрый Сяргеевіч Крышталь, 1992 года нараджэння. Ураджэнец горада Пінск Брэсцкай вобласці. Быў зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Панамарэнкі. Супрацоўнік Цэнтральнага апарата КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём нядаўна.

Аташэ пасольства Сяргей Канстанцінавіч Арцем’еў, 1976 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Кунцаўшчына. Супрацоўнік Цэнтральнага апарату КДБ. Афіцэр-шыфравальшчык. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2014 года.

Пасольства Беларусі ў Вялікабрытаніі

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні, Андрэй Уладзіміравіч Міскевіч, 1981 года нараджэння. Нарадзіўся ў Мінску, там жа і зарэгістраваны па вуліцы Папаніна. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, затым Інстытут нацыянальнай бяспекі. Супрацоўнік Упраўлення замежнай разведкі КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна.

Першы сакратар, які курыруе консульскія пытанні, прававую дапамогу, дыяспару, турызм, Максім Міхайлавіч Гарэлы, 1979 года нараджэння. Нарадзіўся ў горадзе Гомелі. Служыў ва Упраўленні КДБ па горадзе Мінску і Мінскай вобласці, затым быў пераведзены ва Упраўленне замежнай разведкі Цэнтральнага апарату КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2011 года. У 2009 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Максім Іванавіч Раманоўскі, 1979 года нараджэння.

Пасольства ў Германіі

Саветнік па адміністрацыйна-прававых пытаннях Дзмітрый Анатольевіч Лявонаў, 1977 года нараджэння. Нарадзіўся ў Мінску, зарэгістраваны там жа па вуліцы Папаніна. У 1998 годзе скончыў Акадэмію МУС, пасля чаго адразу быў адкамандзіраваны ў КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём каля 20 гадоў. У асноўным ён спецыялізуецца на шпіянажы ў краінах Заходняй Еўропы.

Аташэ па пытаннях абароны Алесь Аляксандравіч Пашкевіч, 1977 года нараджэння. Ураджэнец горада Новалукомль Віцебскай вобласці, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Герояў 120‑й дывізіі. Супрацоўнік ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём знаходзіцца з 2012 года. Пачынаў шпіёнскую дзейнасць у ААЭ, Індыі і Турцыі. Затым стаў спецыялізавацца на краінах Еўрасаюза.

Другі сакратар, які курыруе палітычныя, гуманітарныя і пратакольныя пытанні, Сяргей Уладзіміравіч Сіпко, 1986 года нараджэння. Ураджэнец горада Полацк Віцебскай вобласці. Служыў у Полацкім міжраённым аддзеле ўпраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Затым быў пераведзены ў Цэнтральны апарат КДБ. У 2018 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Сяргей Уладзіміравіч Самохін, 1985 года нараджэння.

Генеральнае консульства Беларусі ў Мюнхене

Генеральны консул Кірыл Леанідавіч Драгун, 1972 года нараджэння. Ураджэнец Мінска. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Язэпа Драздовіча. Супрацоўнік Цэнтральнага апарата КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём каля 20 гадоў.

Пасольства ў Італіі

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні, Аляксей Аляксандравіч Юрша, 1984 года нараджэння. Ураджэнец горада Прага, Чэхаславакія — у сям'і савецкага афіцэра. Зарэгістраваны ў Мінску по вуліцы Фогеля. Скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі. Пасля ў ёй жа і служыў намеснікам начальніка курса. Праз некаторы час перавёўся ў ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2020 года. Раней шпіянажам за мяжой не займаўся.

Консульства Беларусі ў горадзе Даўгаўпілс, Латвія

Консул, які курыруе консульска-прававыя пытанні і ўзаемадзеянне з праваахоўнымі органамі, Аляксей Алегавіч Казюк, 1991 года нараджэння. Ураджэнец Ленінградскай вобласці Расіі. Пераехаў з бацькамі ў Беларусь з Расіі ў 1999 годзе. Тады і набыў беларускае грамадзянства. Пражываў у горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. З’яўляецца супрацоўнікам Цэнтра замежнай вайсковай інфармацыі ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна.

Раней гэтую консульскую пасаду займаў таксама прадстаўнік спецслужбаў Мікалай Уладзіміравіч Раманкевіч, 1972 года нараджэння. Ураджэнец горада Ліда Гродзенскай вобласці. На той перыяд супрацоўнік Цэнтральнага апарата КДБ.

Пасольства Беларусі ў Літве

Раней у гэтым пасольстве пасаду саветніка, які курыруе пытанні бяспекі, займаў Аляксандр Германавіч Макараў, 1969 года нараджэння. Ён ураджэнец горада Патсдам, Германія — у сям'і савецкага афіцэра. Паводле наяўнай інфармацыі, супрацоўнік КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2010 года. Мае два пашпарты прыкрыцця. Першы быў выдадзены ў 2008 годзе на імя Аляксандр Германавіч Мельнікаў, 1969 года нараджэння, ураджэнец горада Кіеў. Другі выдадзены ў 2015 годзе на імя Аляксандр Генадзевіч Малахаў, 1970 года нараджэння, ураджэнец расійскага горада Пскоў. На гэтыя даныя былі зарэгістраваны таксама два нумары мабільнай сувязі.

Пасольства Беларусі ў Польшчы

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі, Дзмітрый Станіслававіч Пенязь, 1976 года нараджэння. Ураджэнец Брэста. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Чычурына. Праходзіў службу на аператыўных пасадах ва ўпраўленні КДБ па горадзе Мінску і Мінскай вобласці, а таксама ў Цэнтральным апараце КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2018 года. Выязджаў у загранкамандзіроўкі ў Бельгію, Аўстрыю і Францыю.

Першы сакратар, які курыруе гандлёва-эканамічныя пытанні, СМІ і пратакол, Дзмітрый Аляксандравіч Чуйкоў, 1982 года нараджэння. Ураджэнец Гомельскага раёна. Быў зарэгістраваны ў Гомелі па вуліцы Чачэрскай. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2016 года. Раней быў супрацоўнікам пасольства Беларусі ў Фінляндыі.

Аташэ Яўген Яўгенавіч Брэднеў, 1980 года нараджэння. Ураджэнец горада Гомеля. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Братоў Лізюковых. Афіцэр-шыфравальшчык. Праходзіў службу ва ўпраўленні КДБ па Гомельскай вобласці і ў Цэнтральным апараце КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2017 года. Раней быў шыфравальшчыкам у пасольстве ва Украіне.

Консульства Беларусі ў горадзе Бяла-Падляска

Консул Аляксандр Львовіч Маргулян, 1971 года нараджэння. Ураджэнец Пінска. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Садовая. З 1998 па 2020 гады праходзіў вайсковую службу ў Дзяржаўным пагранічным камітэце і ў ГРУ. З 2006 па 2009 гады быў шпіёнам пад дыпламатычным прыкрыццём. Магчыма, Аляксандр Маргулян ужо на вайсковай пенсіі, але ў Польшчы ён відавочна выконвае не толькі консульскія функцыі.

Пасольства Беларусі ў Сербіі

Аташэ па пытаннях абароны Іван Мікалаевіч Беразоўскі, 1976 года нараджэння. Ураджэнец горада Старыя Дарогі Мінскай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Заснавальнікаў. Больш за 20 гадоў служыць у ГРУ. Шпіёніць пад дыпламатычным прыкрыццём у Сербіі з 2018 года. У 2010 годзе яму быў аформлены пашпарт прыкрыцця на імя Іван Мікалаевіч Маркеліс, 1979 года нараджэння, ураджэнца Прыморскага краю Расіі. На гэтае ж прозвішча было аформлена фальшывае пасведчанне кіроўцы. У 2015 годзе атрымаў іншы пашпарт прыкрыцця на імя Генадзій Пятровіч Рудзін, 1972 года нараджэння.

Пасольства Беларусі ў Францыі

Дарадца па адміністрацыйна-прававых пытаннях Руслан Іванавіч Серба, 1980 года нараджэння. Ураджэнец горада Столін Брэсцкай вобласці. Мае дзве кватэры ў горадзе Брэсце на вуліцах Вароўскага і Грыбаедава. Служыў у Драгічынскім міжраённым аддзяленні ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці. Затым у абласным апараце. У 2019 годзе быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі КДБ у горад Мінск. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна. Раней за мяжой не выкарыстоўваўся.

Раней гэтую ж пасаду займаў таксама супрацоўнік КДБ Юрый Аляксандравіч Давыдоўскі, 1980 года нараджэння, ураджэнец Віцебска. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Віцебскай вобласці. Затым быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі КДБ. Меў пашпарт прыкрыцця на імя Сяргей Аляксандравіч Дуброўскі, 1980 года нараджэння.

Пасольства Беларусі ў Чэхіі

Там да нядаўняга часу саветнікам, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйна-прававыя пытанні, лічыўся Мікалай Аляксандравіч Дукшта, 1985 года нараджэння. Ураджэнец горада Гродна. Быў зарэгістраваны ў Мінску па завулку Баграціёна. Працаваў у гродзенскім падраздзяленні «Белмытсэрвіса». Потым служыў ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці, у Шчучынскім міжраённым аддзяленні і ў абласным апараце. Затым быў пераведзены ў Мінск, ва ўпраўленне замежнай разведкі КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём ён з 2021 года. Раней за мяжой не выкарыстоўваўся. У верасні 2025 года Дукшта быў высланы ўладамі Чэхіі з-за шпіёнскай дзейнасці.

Пасольства Беларусі ў Швейцарыі

Другі сакратар пасольства, які курыруе консульскія пытанні, гуманітарнае і культурнае супрацоўніцтва, СМІ і пратакол, Сяргей Міхайлавіч Зайцаў, 1990 года нараджэння. Ураджэнец горада Гомель. Служыў афіцэрам 38‑й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады горада Брэста. З 2020 года нечакана стаў дыпламатам. Найбольш імаверным тлумачэннем такога павароту лёсу будзе тое, што Сяргей Зайцаў з’яўляецца супрацоўнікам ГРУ пад дыпламатычным прыкрыццём.

Пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе

Саветнік, які курыруе пытанні бяспекі і адміністрацыйныя пытанні, Дзяніс Мікалаевіч Мельнікаў, 1979 года нараджэння. Ураджэнец горада Магілёў. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Нёманская. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці, затым у Цэнтральным апараце КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2015 года.

Першы сакратар, які курыруе працу з Міжпарламенцкім саюзам, Міжнароднай арганізацыяй працы, Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя і Аб’яднанай праграмай ААН па ВІЧ-СНІД, Яўген Сяргеевіч Ляднёў, 1989 года нараджэння. Ураджэнец горада Гродна. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Гродзенскай вобласці, міжраённым аддзеле ў горадзе Ліда і ў самім абласным цэнтры. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2021 года. У 2016 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Сяргей Аляксандравіч Гарчакоў, 1989 года нараджэння. На гэтае прозвішча было аформлена тры нумары мабільнай сувязі.

Першы сакратар, які курыруе пытанні правоў чалавека, Максім Уладзіміравіч Сапсай, 1982 года нараджэння. Нарадзіўся ў Літве ў сям’і савецкага афіцэра. Мае кватэру ў Віцебску па вуліцы генерала Іваноўскага. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Віцебскай вобласці ў Лепельскім міжраённым аддзяленні і ў абласным апараце. Затым быў пераведзены ва ўпраўленне замежнай разведкі КДБ у Мінск. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2019 года. У 2015 годзе атрымаў пашпарт прыкрыцця на імя Максім Уладзіміравіч Сергіенка, 1983 года нараджэння, ураджэнец горада Разань, Расія.

Пасольства Беларусі ў Швецыі

Аташэ па пытаннях абароны там быў супрацоўнік ГРУ Юрый Віктаравіч Харын, 1977 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, але дзяцінства і юнацтва правёў у горадзе Ляхавічы Брэсцкай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Рагачоўская. У ГРУ ён больш за 20 гадоў. Служыў у Брэсцкім разведцентры і ў падраздзяленні вайсковай разведкі ў Мінску. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2008 года. Раней доўгі перыяд быў вайсковым аташэ ў Польшчы і Літве.

Пасольства Беларусі ў Эстоніі

Першы сакратар, які курыруе консульскія пытанні, культуру, навуку, адукацыю, турызм, дыяспару і дагаворна-прававую базу, Аляксей Мікалаевіч Зубко, 1982 года нараджэння. Ураджэнец горада Бяроза Брэсцкай вобласці. Мае кватэру ў Мінску па вуліцы Алешава. Скончыў Вайсковую акадэмію Рэспублікі Беларусь. Служыў у 153‑й радыётэхнічнай брыгадзе асобага прызначэння, якая падпарадкоўваецца ГРУ. Каля 10 гадоў таму быў пераведзены ў адно з падраздзяленняў ГРУ у Мінску і перакваліфікаваўся на разведчыка-аператыўніка. З 2017 года пад дыпламатычным прыкрыццём. Да камандзіроўкі ў Эстонію быў трэцім, затым другім сакратаром пасольства Беларусі ў Сірыі.

Пасольства Беларусі ў Расіі

Саветнік — паўнамоцны прадстаўнік Беларусі пры АДКБ, Аляксандр Яўгенавіч Грыневіч, 1966 года нараджэння. Ураджэнец горада Бабруйск Магілёўскай вобласці. Зарэгістраваны недалёка ад Мінска ў вёсцы Чудзенічы Лагойскага раёна. Вайсковы пенсіянер, служыў у ГРУ і Дзяржаўным сакратарыяце Рады бяспекі Беларусі. Працаваў у Кіраўніцтве справаў Лукашэнкі.

Саветнік, афіцыйны прадстаўнік КДБ Беларусі ў Расіі Віталій Мікалаевіч Лысюра, 1971 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Калеснікава. Супрацоўнік Упраўлення замежнай разведкі КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2013 года. У 2009 годзе быў аформлены пашпарт прыкрыцця на імя Віталя Аляксандравіча Лаўрова.

Дарадца, які курыруе пытанні бяспекі, Віталій Уладзіслававіч Кот, 1975 года нараджэння, супрацоўнік цэнтральнага апарата КДБ. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Альшэўскага. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2009 года.

Трэці сакратар Уладзімір Юр’евіч Шумілін, 1973 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска. Зарэгістраваны там жа па вуліцы Бурдзейнага. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2010 года. Супрацоўнік цэнтральнага апарату КДБ. Афіцэр-шыфравальшчык. Да гэтага — кансультант сектара спецыяльнай сувязі ўпраўлення дыпламатычнай бяспекі МЗС.

Аташэ па пытаннях абароны Аляксей Аляксеевіч Яршоў, 1979 года нараджэння. Ураджэнец Мінскага раёна, зарэгістраваны ў Мінску па вуліцы Маякоўскага. Больш за 20 гадоў з’яўляецца супрацоўнікам ГРУ. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна. У 2021 годзе яму быў аформлены пашпарт прыкрыцця на даныя Аляксандр Аляксеевіч Аршавін, 1980 года нараджэння.

Памочнік аташэ па пытаннях абароны Аляксандр Аляксандравіч Курыла, 1983 года нараджэння. Ураджэнец горада Баранавічы Брэсцкай вобласці. Зарэгістраваны ў Мінску ў ваенным інтэрнаце па вуліцы Маякоўскага. Кадравы вайсковец, служыў у 116‑й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базе ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці. Затым у разведвальным цэнтры ГРУ ў горадзе Гродна. У 2021 годзе пераведзены ў адно з падраздзяленняў ГРУ у горадзе Мінску. Пад дыпламатычным прыкрыццём нядаўна. У 2015 годзе быў аформлены пашпарт прыкрыцця на імя Аляксандр Аляксандравіч Томін, 1982 года нараджэння. Гэты фальшывы пашпарт быў ануляваны ў 2020 годзе. А ў 2017 годзе атрымаў яшчэ адзін пашпарт прыкрыцця на даныя Аляксандр Аляксандравіч Волін, 1982 года нараджэння.

Памочнік аташэ па пытаннях абароны Канстанцін Генадзевіч Зычкоў, 1984 года нараджэння. Ураджэнец Гомеля. Да 2016 года быў зарэгістраваны там жа па вуліцы Жамчужнай, затым пераехаў у Мінск на вуліцу Фогеля. Пад дыпламатычным прыкрыццём нядаўна. У 2015 годзе яму быў аформлены пашпарт прыкрыцця на даныя Канстанцін Генадзевіч Руснякоў, 1984 года нараджэння. На выдуманае прозвішча таксама былі аформлены фальшывыя правы кіроўцы і зарэгістраваны нумар мабільнай сувязі.

Першы сакратар пасольства, які курыруе консульскія пытанні, Сяргей Міхайлавіч Дамброўскі, 1973 года нараджэння. Ураджэнец Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Калеснікава. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2018 года.

Дарадцы аддзялення пасольства Беларусі ў горадзе Растоў-на-Доне Дзмітрый Генадзевіч Шкурдзь, 1966 года нараджэння. Ураджэнец горада Мінска, зарэгістраваны там жа па вуліцы Грыцаўца. Пенсіянер КДБ, прычым служыў у цэнтральным апараце ведамства. Затым быў намеснікам начальніка ўпраўлення кадраў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Пад дыпламатычным прыкрыццём з 2009 года. Выязджаў у загранкамандзіроўкі ў Турцыю, Украіну, Ізраіль, Францыю, Нідэрланды.

Старшы саветнік аддзялення пасольства Беларусі ў горадзе Краснадар Ігар Уладзіміравіч Шчаглоў, 1971 года нараджэння. Ураджэнец горада Брэст, зарэгістраваны там жа па вуліцы Чырвонасцяжная. Служыў ва ўпраўленні КДБ па Брэсцкай вобласці. Затым быў пераведзены ў цэнтральны апарат ведамства. Магчыма, ён ужо пенсіянер КДБ. Пад дыпламатычным прыкрыццём зусім нядаўна.

Да нядаўняга часу старшым дарадцам аддзялення пасольства Беларусі ў горадзе Ніжні Ноўгарад быў Уладзімір Аляксандравіч Варанковіч, 1959 года нараджэння. Ураджэнец горада Энгельс Саратаўскай вобласці Расіі. Мае дзве кватэры ў Мінску па вуліцах Макаёнка і Асаналіева. Пенсіянер КДБ, былы супрацоўнік дзяржаўнага сакратарыята Рады бяспекі.

Чытайце таксама:

Раскрыта сетка беларускіх шпіёнаў пад дыпламатычным прыкрыццём

Каментары да артыкула