Медзвядчук: Зяленскі спрабуе ўцягнуць Мінск у вайну, адкінуўшы Лукашэнку і запрасіўшы Ціханоўскую
Прарасійскі палітык з Украіны, кум Пуціна Віктар Медзвядчук заявіў, што Кіеў наўмысна правакуе Мінск і выконвае заходні «заказ на дэманізацыю Беларусі». Паводле яго слоў, замест выкарыстання Аляксандра Лукашэнкі як вопытнага перамоўшчыка, украінскія ўлады запрашаюць у Кіеў Святлану Ціханоўскую, што палітык лічыць «чыстым вар'яцтвам».
Віктар Медзвядчук. Фота: РІА «Новости»
У дзень прыезду дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай у Кіеў у РФ расчахлілі прарасійскага палітыка з Украіны, кума Пуціна Віктара Медзведчука, якога ў 2022 годзе ўкраінскія ўлады абмянялі на кіраўніцтва палка «Азоў».
У сваім артыкуле Віктар Медзвядчук пацвердзіў версію прэзідэнты Украіны, што Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну. Толькі абвінаваціў ён у гэтым Зяленскага.
Кум Пуціна адказвае на пытанне, навошта Украіне адкрываць другі фронт і расцягваць яго па мяжы з Беларуссю. Справа ў тым, што за тое, каб Беларусь не спрыяла міру, на Захадзе добра заплацяць — вынікае з яго слоў.
«Зяленскі думае зусім пра іншае: для яго ўцягванне Беларусі ў вайну — проста дадатковае фінансаванне, якое яму так неабходна.
Беларусь важна выбіць як сур'ёзны фактар магчымасці разрадкі, як вернага саюзніка Расіі, які стаіць на шляху Заходняй дыктатуры. Таму на дэманізацыю РБ заказ на Захадзе ёсць», — тлумачыць ён.
Медзвядчук абурыўся тым, што замест Лукашэнкі Кіеў запрашае ў госці Святлану Ціханоўскую. Ён цытуе словы кіраўніка МЗС Украіны Андрэя Сібігі: «Нядаўна мы ўбачылі дзіўную заяву Лукашэнкі, што ён гатовы сустракацца і прыехаць у Кіеў. Ва ўкраінскага боку ёсць з кім сустракацца, і найбліжэйшым часам мы чакаем візіт Ціханоўскай ва Украіну. Таму ў нас ёсць з кім гаварыць пра ўвесь спектр пытанняў».
«Кіеў робіць усё, каб справакаваць Мінск, як раней там са скуры лезлі, каб справакаваць канфлікт з Расіяй. Так, замест таго каб выкарыстоўваць РБ як пляцоўку для перамоў аб міры, а Аляксандра Лукашэнку — як дасведчанага перамоўшчыка, ва Украіну запрашаюць Ціханоўскую», — абураецца Медзвядчук.
Віктар Медзвядчук лічыць гэта «чыстым вар'яцтвам» і вінаваціць украінскія ўлады, што менавіта праз іх дзеянні адносіны Беларусі з ЗША адкаціліся назад.
«Як патлумачыць тое, што Белы дом яшчэ на год падоўжыў рэжым надзвычайнага становішча і санкцыі ЗША супраць Беларусі? У дакументах на гэты конт гаворыцца, што дзеянні беларускіх улад разглядаюцца Вашынгтонам як «незвычайная і надзвычайная пагроза» для нацыянальнай бяспекі і знешняй палітыкі ЗША. Гэта відавочнае тармажэнне пацяплення адносін РБ і ЗША пасля таго, як Трамп зняў з Беларусі частку санкцый. Відавочна, камусьці гэта не падабаецца, і Зяленскі кінуўся заўзята адпрацоўваць заказ», — піша ён.