«Дзе там гэтая дзяўчына-Бэтмен?» Сустрэча беларускі з кажаном скончылася траўмапунктам
Гэтая ноч у Паліны з Баранавіч выдалася «вясёлай» — да яе ў кватэру заляцеў кажан. Дзяўчына доўга не магла выгнаць няпрошанага госця. У выніку ўсё скончылася паездкай у траўмпункт. Журналісты выдання «Анлайнер» звязаліся з Палінай, каб даведацца падрабязнасці яе начных прыгод.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
«У суседнім пакоі, дзе спіць сястра, акно было адчынена на праветрыванне, маскітнай сеткі там няма. Але раней неяк абыходзілася без такіх «сюрпрызаў». А тут раптам чую крык сястры пасярод ночы…»
Калі Паліна зайшла ў пакой да сястры, зразумела, што туды заляцеў кажан. Дзяўчына надзела пальчаткі і паспрабавала злавіць спалоханага звярка.
«Жывёліна аказалася даволі буйной, размах крылаў крыху большы за далонь. Мы ўключылі святло, і кажан схаваўся — баіцца яркага асвятлення. Я тады надзела яшчэ капюшон, каб абараніць галаву, а зверху скураной пальчаткі — шчыльную кухонную, і працягнула спробы. Але кажан нырнуў пад канапу — я нават не ведала, што яны ўмеюць не толькі лётаць, але яшчэ і бегаць».
На гадзінніку ўжо было каля другой гадзіны ночы, кажан то хаваўся, то ледзь не натыкаўся на сваю «ратавальніцу».
«Я ведаю, што кажаны арыентуюцца ў прасторы з дапамогай рэхалакацыі. Але калі ён блізка да мяне падлятаў, я ўсё адно адмыслова шыпела — мне здавалася, так ён лепш зразумее, што я побач».
Кажан усё кідаўся і ніяк не мог выбрацца вонкі. У нейкі момант ён апынуўся ў куце акна. Тады Паліна нарэшце змагла акуратна ўзяць звярка ў рукі — і тут жа атрымала ўкус.
«Ён пракусіў пальчатку. Адчуванне было, нібыта палец укалолі зубачысткамі. Я хутка схапіла яго і выпусціла на вуліцу».
Слядоў на пальцы амаль не засталося, але заснуць пасля гэтага дзяўчына ўжо не змагла.
«Быццам толькі верхні пласт скуры закрануў, але я разумела, што раніцай мяне чакае траўмапункт. Гадзіну ляжала і глядзела ў столь. Было не па сабе, я жыву ў Брэсцкай вобласці, у нас тут успышка шаленства. А кажаны — якраз разносчыкі гэтага захворвання».
Раніцай Паліна паехала ў бальніцу, дзе ёй зрабілі неабходныя ўколы і пачалі курс прышчэпак ад шаленства. Па словах дзяўчыны, у траўмапункце яе гісторыю ўспрынялі з гумарам.
«Панядзелак, 8‑я гадзіна раніцы, чарга ў траўмапункт была чалавек з 15: у паловы вывіхі і пераломы, у іншай паловы — укусы кляшчоў. Я адна такая «зорка». Пакуль чакала, дактары пыталіся: «Дзе там гэтая дзяўчына-Бэтмен?»
Чытайце таксама:
Мінчанка ратуе ў сваёй кватэры дзясяткі птушак
Дзясяткі кажаноў выкінулі на снег каля гімназіі ў Салігорску. Што было далей
У Смалявічах і Салігорску жыхары выклікалі ратавальнікаў на кажаноў