БЕЛ Ł РУС

Што сімвалізуюць падарункі, якія Ціханоўская перадала Зяленскаму і яго жонцы

26.05.2026 / 14:58

Nashaniva.com

Сярод падарункаў — вышыванка, каларытныя завушніцы і набор для стварэння традыцыйнага саламянага павука.

Фота тут і далей: Офіс Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская перадала Уладзіміру Зяленскаму і яго жонцы Алене падарункі, звязаныя з беларускай і ўкраінскай традыцыяй.

Зяленскаму падарылі беларускую вышыванку, створаную майстрыцай Святланай Шырвель. Адна з вышыванак гэтай майстрыцы, напрыклад, знаходзіцца ў Леха Валенсы, легендарнага лідара польскай «Салідарнасці».

«Гэтая кашуля выкананая ў тэхніцы «процяг» — адной з найбольш аўтэнтычных беларускіх тэхнік вышыўкі. У адрозненне ад больш распаўсюджаных тэхнік, такіх як «крыжык», якія можна сустрэць у розных краінах, «процяг» лічыцца адметна беларускай культурнай рысай. Менавіта па гэтай тэхніцы традыцыйна «чытаецца» беларускае паходжанне вышыўкі», — расказаў болей дарадца Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.

Чырвоны арнамент на чорным колеры — таксама беларуская традыцыя.

«Цэнтральны элемент арнаменту кашулі — васьміканцовая зорка. Гэты сімвал мае гістарычныя карані як у беларускай, так і ва ўкраінскай культуры і традыцыйна звязваецца з сонцам, жыццём, святлом і выконвае ролю абярэга.

Таксама ў арнаменце прысутнічае каліна — адзін з ключавых украінскіх сімвалаў. У традыцыйнай украінскай культуры яна ўвасабляе род, пераемнасць пакаленняў, сямейны ачаг, сілу і любоў. Само слова «каліна» этымалагічна звязваецца з «колам» — сонцам, што дадаткова падкрэслівае ідэю жыцця і сувязі паміж пакаленнямі», — апісвае Кучынскі.

Другім падарункам для прэзідэнта Украіны стала рэч, зробленая рукамі дзяцей і выхавацеляў беларуска-ўкраінскай школы ў Варшаве, якая дзейнічае пры Цэнтры беларускай салідарнасці. У гэтай школе навучаюцца дзеці былых беларускіх палітвязняў, а таксама беларускія і ўкраінскія дзеці, чые сем’і былі вымушаныя пакінуць свае дамы праз рэпрэсіі і вайну.

Першай лэдзі Украіны перадалі завушніцы з вобразам саламянага «павука» — традыцыйнага абярэга. Павук у народнай традыцыі лічыцца сімвалам гармоніі, аховы дому і дабрабыту. Завушніцы выкананыя з латуні з залатым пакрыццём.

Іх аўтарка — беларуская дызайнерка Наста Васючэнка, заснавальніца брэнду Kanva.

Таксама сям’і Зяленскіх падарылі сямейны набор для стварэння саламяных «павукоў». «Ідэя гэтага падарунка ў тым, каб муж і жонка маглі разам стварыць хатні абярэг як знак умацавання сям’і, дому і ўзаемнай падтрымкі», — расказвае дарадца Ціханоўскай.

Падарылі таксама кнігу Сашы Філіпенкі «Слон». Сам пісьменнік быў у складзе дэлегацыі, якая з Ціханоўскай прыехала ва Украіну.

Кучынскі дадае, што падарункі ад беларускай дэлегацыі сімвалізуюць агульнасць гістарычнага досведу беларусаў і ўкраінцаў, павагу да традыцыі, а таксама салідарнасць паміж народамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула