БЕЛ Ł РУС

13‑гадовы спявак з Мінска ледзь не загінуў, калі катаўся на электрасамакаце

27.05.2026 / 08:25

Дзяніс Рудніцкі

Юны артыст Макар Тарунда трапіў у рэанімацыю.

Макар Тарунда. Фота з яго інстаграма

Макар Тарунда — 13‑гадовы спявак з Мінска. Ён фіналіст фестывалю «Вялікая сцэна», пераможца конкурсу «Халі-Хало-2022», а таксама стыпендыят спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.

Нядаўна хлопец апублікаваў у сторыс здымак, на якім ён сядзіць у інвалідным вазку. Добра відаць сінякі на твары і руцэ, адна з рук забінтаваная. Падпісаў фота ён так: «Сябры, жыццё адно. Я сваё ледзь не страціў праз самакат. Беражыце сябе».

Сябры хлопца пачалі рэпосціць яго фота і дадалі падрабязнасці гісторыі. Яны распавялі, што ў мінулую пятніцу Макар на вялікай хуткасці ехаў на электрасамакаце, нечакана наскочыў на камень і ўпаў. У выніку 13‑гадовы школьнік трапіў у рэанімацыю з разрывам селязёнкі і шматлікімі траўмамі.

Тым часам у Рэспубліканскім цэнтры дзіцячай нейрахірургіі прызнаюць, што гэта вялікая праблема. Цяпер шмат дзяцей трапляюць да дактароў менавіта праз траўмы, атрыманыя праз самакаты: або самі ганялі, або іх збівалі дарослыя самакатчыкі.

Толькі за адзін тыдзень мая ў гэты РНПЦ звярнулася больш за 30 пацыентаў: з іх 11 былі шпіталізаваныя з дастаткова сур'ёзнымі траўмамі (трое трапілі ў рэанімацыю, дваім зрабілі аперацыі).

Кіраўнік цэнтра, галоўны пазаштатны спецыяліст дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Талабаеў расказваў, што цікавіцца ў пацярпелых прычынамі падзення: «Больш за палову з іх не разумеюць, чаму яны ўпалі. І не разумеюць не таму, што не памятаюць, страцілі прытомнасць, а таму што яны сапраўды не разумеюць, на што наехалі. Была гэта перашкода, ямка нейкая ці нешта яшчэ — дзіця нават не зразумела».

Ён растлумачыў, у чым заключаецца небяспека катання на электрасамакаце: «Па-першае, у яго маленькія колы. А чым меншае кола, тым больш адчувальны сродак перасоўвання да розных няроўнасцяў на дарозе, а значыць, вышэйшы шанец зваліцца. Па-другое, высокая хуткасць перамяшчэння. Хуткасці 25 кіламетраў за гадзіну больш чым дастаткова для атрымання сур'ёзнай траўмы пры падзенні ці сутыкненні».

Тым, хто ўсё ж не хоча адмаўляцца ад катання на электрасамакаце, доктар раіць выконваць простыя правілы: выбіраць для катання спецыяльна адведзеныя месцы (хаця б таму, што там меншая верагоднасць сустрэць нейкія перашкоды, няроўнасці), не грэбаваць сродкамі індывідуальнай абароны, у тым ліку шлемам.

Чытайце таксама:

Дзіця пакінула самакат на дзіцячай пляцоўцы — праз пару гадзін яго ўжо здалі на металалом

У Мінску пачалі працаваць камеры для кантролю хуткасці электрасамакатаў

У Мінску дзве дзяўчынкі трапілі пад машыну, едучы удвох на адным самакаце

Дзве 13‑гадовыя школьніцы шпіталізаваныя пасля ДТЗ з самакатам і BMW у Тарасаве

Каментары да артыкула