У «Дукорскім маёнтку» патлумачылі, чаму ў іхнім заасадзе не ўсе жывёлы выглядаюць прывабна
Супрацоўнікі «Дукорскага маёнтка» разгорнута адказалі на сваёй старонцы ў Threads на абвінавачанні наведнікаў у тым, што жывёлы ў іхнім заасадзе нібыта ўтрымліваюцца ў жахлівых умовах, што адбіваецца на іх здароўі.
Фота: threads.com/@dukorski_maentak
Найбольш увагі ў гэтым адказе было нададзена тлумачэнню стану яка, які непрыемна шакуе наведнікаў адкрытай ранай на сваім целе:
«Як, а дакладней ячаня, з'явіўся на свет у выніку цяжкіх натуральных родаў. У ячыхі адбылося выпадзенне маткі, яе аперыравалі. Цяпер з самкай усё добра, як вы можаце бачыць на відэа.
А вось яе дзіцяці пашанцавала менш. У выніку аплазіі, яшчэ ва ўлонні маці, у яго ўтварылася адкрытая рана. Калі б такое адбылося ў дзікай прыродзе, абодва не выжылі б.
Гэта рана не можа зацягнуцца натуральным шляхам: ад прыроды не хапае кавалка скуры. Калі ён быў маленькім, аказвалася неабходнае лячэнне і спроба штучна стварыць кавалак скуры з дапамогай спецыяльнага спрэю, што, на жаль, не дало вынікаў.
Ці разумеем мы, што рана выглядае страшна? Вядома. Але жывёла знаходзіцца пад рэгулярным наглядам і атрымлівае адэкватную яе стану дапамогу. На гэты момант, на думку ветэрынараў, «закрыць» рану можна толькі з дапамогай складанай пластычнай аперацыі. Але і тут шмат нюансаў і рызык для жыцця жывёлы.
Гэтая рана не ўплывае на агульны стан і самаадчуванне яка, з дзяцінства ў яго няма праблем з харчаваннем ці рухавасцю».
Другая па праблемнасці жывёліна, на якую звярнулі ўвагу наведнікі ўстановы — кульгавая казуля:
«У самца па невядомых для нас прычынах (гуляў, спалохаўся, паслізнуўся) расцяжэнне звязак. Такая траўма праходзіць доўга і суправаджаецца кульгавасцю.
Фота: threads.com/@dukorski_maentak
Таксама ў відэа згадваецца худзізна жывёл. Косці бачныя не таму, што гадаванец недакормлены — іх вага ў межах нормы. Зараз працягваецца працэс лінькі, губляецца «пухнатасць», ад таго такі не «інстаграмны» выгляд.
Другую казулю нам прывезлі неабыякавыя людзі, знайшлі яе каля дарогі. З рухавасцю ўсё хутка стала нармальна, патрэбную вагу пакуль «даганяем».
Патлумачылі ў «Дукорскім маёнтку» і нястрыжанасці часткі авечак і бараноў:
«Не заўсёды жывёліна ахвотна ідзе «ў рукі» на такія працэдуры (стрыжка і падразанне капытоў). І тады, каб не нашкодзіць жывёле ў працэсе, мы ловім больш спрыяльны ейнаму «настрою» дзень. Усе жыхары заасада размешчаныя ў вальерах адпаведных памераў і параметраў, прапісаных у заканадаўстве. Кожная жывёла абавязкова атрымлівае ўсю неабходную і магчымую медыцынскую дапамогу ветэрынараў. Кармленне і ўборка ажыццяўляецца згодна з графікам і рацыёнам кожнага асобна ўзятага віду».
Супрацоўнікі заасада звяртаюць увагу, што гадаванцы ў ім рэгулярна размнажаюцца, што «немагчыма ўявіць у некамфортным для жывёл асяроддзі або ў выпадку хвароб». Таксама яны нагадваюць, што ў гэтай установе рэгулярна выходжваюць жывёл і птушак, якія не маглі б самі выжыць у дзікай прыродзе, а таксама свойскіх катоў і сабак, якіх падкідаюць пад вароты «добрыя» людзі.
Чытайце таксама:
Беларусаў шакаваў стан жывёл у «Дукорскім маёнтку»: «Гэта канцлагер!» Спецыялісты супакойваюць
Сула, Дудуткі, Дукора — колькі каштуе адпачынак у беларускіх парках культуры і гісторыі