Грамадства22

Беларусаў шакаваў стан жывёл у «Дукорскім маёнтку»: «Гэта канцлагер!» Спецыялісты супакойваюць

У сацыяльных сетках шырокі рэзананс выклікала відэа пра ўмовы ўтрымання жывёл у «Дукорскім маёнтку» Пухавіцкага раёна. Адна з наведвальніц па імені Таццяна назвала мясцовы заасад «канцлагерам» і заявіла, што бачыла там хворага і кульгавага аленя, а таксама яка з гнілой ранай на спіне. У нюансах справы, якая набыла рэзананс, паспрабавала разабрацца выданне «Анлайнер».

Беларуска, якая прыехала на экскурсію ў музейны комплекс «Дукорскі маёнтак», апублікавала ў інстаграме відэа з мясцовага заасада і падпісала:

«Гэта канцлагер!» «Коні худыя, алені гэтыя ўсе хворыя, кульгавыя — гэта нейкі жах! […] Паглядзіце, у якім стане як: у яго мяса гніе проста на самой жывёліне, мухі поўзаюць [па адкрытай ране]», — кажа за кадрам жаночы голас, апісваючы ўбачанае.

«Анлайнер» звязаўся з кіраўніцтвам комплексу і папрасіў пракаментаваць гэта відэа.

Музейны комплекс «Дукорскі маёнтак» у аграгарадку Дукора працуе ўжо больш за дзесяць гадоў. Па сутнасці, гэта папулярны этнаграфічны музей пад адкрытым небам. Сюды едуць паглядзець на знакаміты «перакулены дом», дакрануцца да шляхецкай культуры і заадно прагуляцца па мясцовым заасадзе.

Менавіта жывёлы і прыцягнулі ўвагу наведвальніцы па імені Таццяна, якая прыехала ў сядзібу ўпершыню. Шакаваная ўбачаным, яна зняла ролік і выклала яго ў сацсеткі.

«Як вам не сорамна? Мы першы раз у Дукоры. Гэта Беларусь, недалёка ад Мінска. Ехалі на экскурсію ў музей і нават не думалі, што тут ёсць заасад. Я не ведаю, што рабіць у такіх выпадках. Скаргу на «Обращения.бел» мы ўжо напісалі, але, напэўна, трэба, каб як мага больш людзей звярнулі на гэта ўвагу. Магчыма, гэта вырашыць пытанне з жахлівым утрыманнем жывёл. «Дукорскі маёнтак», як вам не сорамна так ставіцца да звяроў?» — напісала наведвальніца.

На кадрах — казуля, якая ледзь перасоўваецца, і як з дзіўнай пралысінай на спіне і адкрытай ранай, вакол якой рояцца мухі.

Фота: «Мінская праўда»

Публікацыя выклікала вялікі рэзананс. У каментарыях людзі заклікаюць пісаць скаргі ў пракуратуру і «ратаваць бедных звяроў». Знайшліся і тыя, хто стаў на абарону комплексу. Некаторыя карыстальнікі адзначылі, што бывалі ў Дукоры ў маі мінулага года і жывёлы выглядалі выдатна. Іншыя выказалі здагадку, што звяроў «маглі прывезці ў сядзібу на лячэнне і ператрыманне».

Журналісты звярнуліся да кіраўніцтва музейнага комплексу за каментарыем. На пытанні па тэлефоне адказаў галоўны інжынер Мікалай Карнееў. Той патлумачыў, што ў адміністрацыі пра скандальнае відэа ўжо ведаюць і якраз рыхтуюць афіцыйны відэаадказ для свайго Instagram.

«Бывае, нам аддаюць хворых або траўмаваных дзікіх жывёл на аднаўленне. Месяцы тры таму так да нас трапіла казуля, яшчэ раней — козлік (той самы, які на відэа). У яго надрыў звязак. Людзі яго выхадзілі і прывезлі да нас. Паводле слоў ветэрынара, козлік можа аднавіцца, а можа так і застацца кульгавым. Ён зараз пад наглядам і знаходзіцца на свабодным выгуле», — тлумачыць прадстаўнік комплексу.

Фота: «Мінская праўда»

Што тычыцца непрывабнага знешняга выгляду некаторых іншых насельнікаў заасада, то спецыяліст спісвае ўсё на сезоннасць: зараз перыяд лінькі.

Фота: «Мінская праўда»

«Як з'явіўся ў нас тры гады таму. У яго прыроджаная аплазія скуры (недаразвіццё скурных пакроваў. — Заўв. «Анлайнер»). Гэтая хвароба, на жаль, невылечная. Што тычыцца аблезлай поўсці, то гэта дзікая жывёліна, у яе зараз ідзе актыўны перыяд лінькі. Звяры труцца аб дрэвы і агароджы, старая поўсць сыходзіць жмутамі, а пад ёй расце новая. Выглядае гэта сапраўды не вельмі прэзентабельна, але гэта прыродны працэс».

Фота: «Мінская праўда»

Спецыяліст таксама заўважыў, што ўсе жывёлы комплексу знаходзяцца пад кантролем, аглядаюцца ветэрынарам і харчуюцца згодна з устаноўленымі нормамі.

Фота: «Мінская праўда»

На гэты момант працу музейнага комплексу «Дукорскі маёнтак» правяраюць прадстаўнікі Мінпрыроды і ветэрынары раёна. Пра гэта «Анлайнеру» паведаміў той жа Мікалай Карнееў. Пазней сітуацыю пракаментаваў галоўны ветдоктар Мінскай вобласці Алег Карповіч.

Фота: «Мінская праўда»

Спецыяліст расказаў выданню «Мінская праўда», што жывёлы ў «Дукорскім маёнтку» знаходзяцца ў «нармальным, добрым стане», забяспечаныя кормам, вадой і «не знясіленыя». Аднак, паводле яго слоў, яку і казулі патрабуецца ветэрынарная дапамога.

Фота: «Мінская праўда»

«Яка апрацуем, усыпім, змесцім яго ў асобную клетку і будзем назіраць ветэрынарнай службай раёна, — патлумачыў Алег Карповіч. — Мы таксама абследавалі казулю: у яе расцяжэнне звязак. Забяром яе ў клініку і будзем працягваць лячэнне».

Фота: «Мінская праўда»

Што тычыцца авечак, знешні выгляд якіх таксама выклікаў пытанні ў наведвальнікаў, то з імі, запэўніў ветдоктар, усё ў парадку, ім толькі спатрэбіцца стрыжка, якой зоймуцца ў найбліжэйшы час.

Фота: «Мінская праўда»

Каментары2

  • Добро
    26.05.2026
    Куда смотрит Колесникова?
  • Белорусский мир
    26.05.2026
    В Менске так с людьми на складах обращаются. Лично видел

Цяпер чытаюць

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу116

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка заявіў, што ў Еўропе бяда з прадуктамі і ёсць гатоўнасць дапамагчы19

У Віцебску кіроўца збіў жанчыну і дзіця, што стаялі на астраўку бяспекі

Радаслаў Сікорскі заклікаў еўрапейскія краіны закрыць расійскія консульствы6

У Шклове перад «Дажынкамі» зафарбавалі знакаміты дом з малітвамі8

Армія прыняла на ўзбраенне лазер «Шафран» беларускай распрацоўкі для знішчэння дронаў15

Пад Жыткавічамі BMW разбіўся ўшчэнт аб дрэва. Малады кіроўца цудам выжыў

Пачатак новаму кварталу пакладзены. На Кальцова зносяць двухпавярховікі1

Непатапляльны былы кіраўнік Рэчыцы, асуджаны на працяглы тэрмін, узначаліў калгас у Ельскім раёне5

У гэтых мінскіх кватэрах квадрат каштуе больш за 10 тысяч даляраў. Што за яны?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу116

Камандуючы НАТА Грынкевіч: У выпадку нападу Расіі ўдары будуць нанесеныя па Беларусі, Калінінградзе і Пецярбургу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць