БЕЛ Ł РУС

У шведскім Гётэборгу выпусцілі на маршрут першы беспілотны аўтобус. Праз гадзіну ён сутыкнуўся з трамваем

26.05.2026 / 22:25

Nashaniva.com

Беспілотны аўтобус вытворчасці турэцкай кампаніі Karsan атрымаў удар ззаду ад трамвая ў Гётэборгу 25 мая, усяго праз гадзіну пасля таго, як пачаў перавозіць пасажыраў, піша Reuters.

Скрыншот з відэа

«Аўтобус затармазіў, і ў яго ўрэзаўся трамвай», — сказаў Патрык Чы, прэс-сакратар Vasttrafik, кампаніі, якая належыць рэгіянальнаму ўпраўленню грамадскага транспарту.

Гэтае нешчаслівае сутыкненне, у якім, на шчасце, ніхто не пацярпеў, узняло пытанне наконт інтэграцыі аўтаномных транспартных сродкаў у гарадскі рух, прытым якраз у той час, калі Гётэборг толькі пачаў гадавое выпрабаванне аўтаномнага грамадскага транспарту з выкарыстаннем аўтобуса ад Karsan.

Кампанія Karsan заявіла, што поўныя дэталі здарэння зараз ацэньваюцца.

«Згодна з першапачатковымі высновамі, інцыдэнт выглядае як дарожна-транспартнае здарэнне ў межах агульнага гарадскога патоку, а не як праблема, звязаная з сістэмай аўтаномнага кіравання», — заявілі ў кампаніі.

Кадры на сайце грамадскага вяшчальніка SVT паказалі пашкоджанні аўтобуса і банэр на ягонай задняй частцы з надпісам: «Трымайце дыстанцыю! Аўтобус можа рэзка затармазіць».

Патрык Чы адзначыў, што акалічнасці сутыкнення яшчэ трэба расследаваць, дадаўшы, што на борце аўтобуса знаходзіўся кіроўца-выпрабавальнік, які быў гатовы ў выпадку неабходнасці ўзяць кіраванне машынай на сябе.

Чытайце таксама:

МАЗ паказаў свой новы прыгарадны аўтобус

У Бангкоку цягнік пратараніў аўтобус з пасажырамі

Аўтобус на аўтастанцыі ў Чавусах сам паехаў і задавіў пажылую пару 

У Бельгіі цягнік сутыкнуўся са школьным аўтобусам, ёсць загінулыя

Каментары да артыкула