Невядомыя дасылаюць беларускай актывістцы ў Польшчы пахавальныя вянкі і здымкі з помнікамі ўсім членам яе сям’і
Адміністратарку шэлтара для экс-палітвязняў у Варшаве і паплечніцу Паўла Латушкі ў Каардынацыйнай радзе Ганну Федаронак працягваюць кашмарыць.
Усё пачалося з пастоў пра збор сродкаў на пахаванне актывісткі ў сацсетцы X, працягнулася падкідваннем пахавальнага вянка пад шэлтар, дзе працуе Ганна. Цяпер жа жанчыну запужваюць карцінкамі з нафоташопленымі помнікамі са здымкамі членаў сям’і — на іх яе дзеці і ўнукі.
«Я не ведаю, чаго ад мяне хочуць гэтыя людзі, чаго дамагаюцца. Спачатку я думала, што гэта дыскрэдытацыя мяне перад выбарамі ў Каардынацыйную раду, запужванне, але выбары ўжо прайшлі», — каментуе Ганна.
Ганна Федаронак. Фота з асабістага архіва
Пасля таго, як Ганне прывезлі вянок, перакінуўшы яго за плот шэлтара, дзе яна працуе, жанчына аднесла заяву ў паліцыю. Падтрымаў яе і гаспадар дома — паляк, у якога беларусы арандуюць дом пад шэлтар для палітвязняў.
Той самы вянок, які прывезлі жанчыне на машыне невядомыя. Камеры відэаназірання зафіксавалі іх візіт. Гэты ролік таксама перададзены паліцыі
Дадаткова, перажываючы за сваю бяспеку, жанчына звярнулася ў пракуратуру і ABW — агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Ганна кажа, што першапачаткова ў паліцыі не хацелі прымаць яе заяву, тут і дапамог гаспадар-паляк, які першапачаткова вырашыў, што гэты «падарунак» для яго.
«Гэта ўсё ж не проста тролінг у інтэрнэце. Мне прывезлі рэальны вянок рэальныя людзі, яны замахнуліся на прыватную ўласнасць. Я гэта публічу і не маўчу, каб дадаткова паўплываць на польскія ўлады. Гэта ўсё ж небяспека і іх краіны, бо, атрымліваецца, нейкія шпіёны знаходзяцца на іх тэрыторыі. Нікому, думаю, не патрэбная другая Анжаліка Мельнікава, калі я знянацку знікну», — не хавае абурэння актывістка.
«Помнікі» Ганне і членам яе сям’і. Фота: асабісты архіў жанчыны
Апошняя пагроза прыйшла актывістцы сёння, і ў ёй пішуць, што яна можа чакаць гасцей на адкрыцці «доміка» (маецца на ўвазе наваселле шэлтара).
Дадаткова невядомыя выкарысталі здымкі ўжо з унукамі Ганны Федаронак. «Калі дзеці цябе не зачапілі, то, можа, унукі разварушаць», — напісаў ананім у тэлеграме, падпісаны Бартэкам.