Сабаленка адказала на папрокі, што яна, уся ў брыльянтах, патрабуе падвысіць прызавыя
Беларуская тэнісістка і першая ракетка свету Арына Сабаленка пракаментавала крытыку на свой адрас, што яна патрабуе павелічэння прызавых на турнірах «Вялікага шлема», пакуль сама, мільянерка, носіць даражэзныя рэчы і ўпрыгожванні.
Паводле ацэнак таблоідаў, на шыі Арыны Сабаленкі — каралі з брыльянтамі вагой 23 караты і гранатамі на 200 карат, а таксама завушніцы з гэтай жа калекцыі. Фота: Robert Prange / Getty Images
Падчас прэс-канферэнцыі спартсменцы задалі пытанне, ці не выглядаюць яе заклікі крывадушнасцю на фоне нашэння дарагіх брыльянтаў. Сабаленка катэгарычна адхіліла такія паралелі, піша «Трыбуна».
— Я зусім не разумею, як можна параўноўваць дзве зусім розныя рэчы.
Як я ўжо казала, прызавыя не тычацца мяне асабіста. Я проста змагаюся дзеля гульцоў з нізкім рэйтынгам, якім сапраўды цяжка выжываць у свеце тэніса. Тое, што я змагаюся за прызавыя, не мае да мяне ніякага дачынення. Усе ведаюць, што ў мяне ўсё добра. Мы змагаемся за справядлівую долю даходаў, а таксама за гульцоў з больш нізкім рэйтынгам, за тых, хто вяртаецца пасля траўм, і за тое, каб наступнаму пакаленню было лягчэй увайсці ў топ-10. Таму гэта не дзеля сябе, — сказала яна.
Арына Сабаленка — першая ракетка свету і адна з самых высокааплатных спартсменак свету.
У пачатку мая яна і яшчэ 19 топавых тэнісістаў падпісалі адкрыты ліст да арганізатараў Адкрытага чэмпіянату Францыі. Зоркі спорту выказалі незадаволенасць сумамі прызавых і прыстрашылі байкотам турніру. Яны патрабуюць падвышэння прызавых адпаведна росту даходаў арганізатараў турніраў.
Падпісанты звароту — высокааплатныя спартсмены — намагаюць: змяненне сістэмы дапаможа ўсім. У тэнісе існуе каласальнае расслаенне, і гульцы за межамі топ-100 часта працуюць у страту з-за высокіх выдаткаў на трэнераў і пералёты.