БЕЛ Ł РУС

Праект адзінай сістэмы продажу квіткоў на аўтобусы ў Беларусі вынеслі на абмеркаванне

27.05.2026 / 16:03

Nashaniva.com

Мінтранс Беларусі падрыхтаваў праект пастановы ўрада аб стварэнні адзінай дзяржаўнай інфармацыйнай сістэмы (ДІС) продажу квіткоў на аўтамабільныя пасажырскія перавозкі ў рэгулярных зносінах. Дакумент вынесены на грамадскае абмеркаванне, піша Myfin.by.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media

Як вынікае з абгрунтавання міністэрства, праект пастановы рэгулюе шырокае кола пытанняў, звязаных з браніраваннем месцаў, продажам квіткоў і багажных квітанцый, а таксама ўзаемадзеяннем усіх удзельнікаў гэтага працэсу.

Аператарам сістэмы вызначаецца КУП «Сталічны транспарт і сувязь». Для кожнай асобы, якая выкарыстоўвае новую сістэму, будзе створаны асабісты кабінет. Уладальнікі інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, якія жадаюць інтэгравацца з ДІС продажу квіткоў, павінны падаць аператару электронную заяўку.

У ДІС продажу квіткоў будзе ўносіцца інфармацыя пра расклады і схемы маршрутаў, транспартныя сродкі, перавозчыкаў, кіроўцаў і г.д. Уладальнікі пасажырскіх тэрміналаў і кіроўцы будуць уносіць у сістэму звесткі пра прададзеныя праязныя дакументы і багажныя квітанцыі.

Праект вызначае парадак пералічэння сродкаў, якія паступілі аператару ДІС ад продажу квіткоў. Пры вяртанні квітка ў сувязі з адменай або прыпыненнем рэйса пасажыр павінен будзе аформіць заяўку ў асабістым кабінеце. Грошы вяртаюцца за вылікам камісійнай узнагароды або камісіі банка за пералічэнне.

Пасажырам пра адмены рэйса будуць паведамляць праз асабісты кабінет, па тэлефоне або SMS-паведамленнем на нумар, пазначаны ў асабістым кабінеце.

Праект пастановы вынесены на грамадскае абмеркаванне, якое пройдзе з 27 мая па 6 чэрвеня 2026 года ўключна ў спецыяльнай тэме на «Прававым форуме Беларусі».

Чытайце таксама:

Радыкальныя змены ў транспартнай схеме Магілёва: закрыццё праспекта Міру закране 27 маршрутаў

«Потым зробяць асобныя вагоны, як у Іране?» Беларуса абурылі «жаночыя» купэ ў цягніках

З Ваўкавыска і Слоніма запусцілі прамыя аўтобусы ў Польшчу

Каментары да артыкула