У Касцюковічах праз біржу працы шукаюць намесніка старшыні райвыканкама — апошні кандыдат не прайшоў праверкі
Заробак салідны, 6‑7 тысяч рублёў.
Касцюковіцкі райвыканкам. Фота: kostukovichi.gov.by
Касцюковіцкі райвыканкам праводзіць кастынг на пасаду намесніка старшыні райвыканкама — вакансія ў крэсла адказнага за развіццё архітэктуры і горадабудаўніцтва, а таксама жыллёвай палітыкі з’явілася на сайце службы занятасці.
Будучаму намесніку абяцаюць заробак ад 6 да 7 тысяч рублёў. Кандыдат павінен мець вышэйшую адукацыю, наяўнасць пяцігадовага стажу ў дзяржаўных структурах. Вітаюцца прэтэндэнты з досведам у сферы будаўніцтва.
Скрыншоты: gsz.gov.by
У аддзеле кадраў пацвярджаюць, што пазіцыя на намесніка сапраўды адкрытая на канкурэнтных умовах. Праўда, прызнаюцца, што «асноўны кандыдат ужо ў распрацоўцы».
«Кандыдатура праходзіць праверку. Але адпраўляйце рэзюмэ, у вас ёсць усе правы на гэта. Можа, і гэтая кандыдатура не пройдзе ўсе праверкі, бо першая не прайшла. Я раздрукую ваша рэзюмэ, адзначу ўсе дадзеныя. У нас яшчэ два так ляжыць».
Працаваць будучы намеснік будзе пад кіраўніцтвам Наталлі Асмалоўскай — яе прызначылі старшынёй Касцюковіцкага райвыканкама ў пачатку гэтага года.
Былы ж намеснік па архітэктуры пратрымаўся на сваёй пасадзе менш за год — Аляксандр Сідарэнка пачаў сваю кар’еру чыноўніка ў маі 2025 года. Яшчэ ў лютым 2026‑га ён праводзіў у сваім кабінеце прамую тэлефонную лінію.