БЕЛ Ł РУС

Курцоў прагоняць з ганкаў шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў

27.05.2026 / 18:36

Nashaniva.com

У Беларусі плануюць узмацніць антытытунёвае заканадаўства і ўзмацніць кантроль за ўжываннем тытуню і электронных цыгарэт. Пра гэта паведаміла загадчыца аддзялення грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены і грамадскага здароўя Вольга Бартман, піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацсетак

Адна з галоўных прапанаваных змен — узмацненне адказнасці за продаж нікаціназмяшчальнай прадукцыі непаўналетнім. Таксама больш жорстка будуць караць дарослых, якія набываюць такую прадукцыю для падлеткаў. Акрамя таго, плануецца ўвесці дадатковыя патрабаванні да вытворцаў электронных цыгарэт і сістэм награвання тытуню.

Яшчэ адна важная змена — пашырэнне спісу месцаў, дзе будзе забаронена курэнне. У яго збіраюцца ўключыць, напрыклад, ганкі шматкватэрных дамоў і інтэрнатаў.

Зараз у Беларусі ўжо дзейнічаюць даволі строгія правілы: забаронена адкрыта выкладваць цыгарэты ў крамах, існуюць абмежаванні на курэнне ў грамадскіх месцах, абавязковая спецыяльная маркіроўка прадукцыі і поўная забарона продажу асобам да 18 гадоў. За парушэнні прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць, а кантроль вядзецца пастаянна.

Адначасова на ўзроўні Еўразійскага эканамічнага саюза распрацоўваецца агульны тэхнічны рэгламент для такой прадукцыі. Працэс ідзе ўжо некалькі гадоў і пакуль не завершаны, бо краіны маюць розныя падыходы. Напрыклад, у Казахстане электронныя цыгарэты ўжо цалкам забароненыя, і падобныя меры разглядаюцца таксама ў іншых краінах міждзяржаўнай арганізацыі.

Чытайце таксама:

Курэнне сярод беларусаў робіцца ўсё менш папулярным

Навукоўцы даказалі, што кожны прадукт з нікацінам забівае сэрца — навамодныя паўчы і вэйпы таксама

У Беларусі збіраюцца забараніць рэкламу электронных цыгарэт

Смяротнасць сярод моладзі Усходняй Еўропы расце насуперак сусветным тэндэнцыям

Каментары да артыкула