БЕЛ Ł РУС

Трамп заявіў, што з Іранам яго задаволіць толькі «ідэальная здзелка». А проста добрую ён мог бы заключыць проста зараз

27.05.2026 / 21:57

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас пасяджэння амерыканскага кабінета міністраў заявіў, што Вашынгтон мог бы заключыць даволі выгадную здзелку з Іранам проста цяпер, але ён асабіста згодны толькі на тое, каб здзелка была ідэальнай.

Дональд Трамп. Фота: Alex Brandon-Pool/Getty Images

«Проста зараз мы можам заключыць добрую, але не цудоўную здзелку. А паколькі гэта не цудоўная ўгода, то нам яна не патрэбна», — заявіў Дональд Трамп журналістам.

Ён выказаў упэўненасць, што ЗША ўдасца дамовіцца пра ідэальную здзелку без шчылін для Ірана, адзначыўшы, што перамовы ідуць «даволі добра».

«Здзелка павінна быць ідэальнай», — падсумаваў ён.

Трамп адказаў адмоўна на пытанне, ці задаволіла б яго перадача Тэгеранам запасаў высокаўзбагачанага ўрану Кітаю або Расіі.

Таксама ён заявіў, што ЗША не дапусцяць, каб тая ці іншая краіна кантралявала Армузскі праліў.

«Праліў будзе адкрыты для ўсіх. Гэта міжнародныя воды, іх ніхто не будзе кантраляваць», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, ці падтрымае ён усталяванне часовага кантролю над Армузскім пралівам з боку Ірана і Амана.

Разам з тым прэзідэнт ЗША зноў адзначыў, што хацеў бы, каб Саудаўская Аравія, Катар і іншыя арабскія краіны далучыліся да «пагадненняў Аўраама».

«Я не ўпэўнены, што мы павінны наогул заключаць здзелку з Іранам, калі яны гэтага не зробяць», — падкрэсліў Трамп.

Пры гэтым ён спытаў свайго спецпасланніка Стыва Уіткафа, які прысутнічаў на пасяджэнні, ці пагодзяцца гэтыя краіны далучыцца да «пагадненняў Аўраама». Уіткаф адказаў, што «мы актыўна на гэтым настойваем».

«Пагадненні Аўраама» былі заключаныя пры ўдзеле ЗША ў перыяд першага тэрміну Трампа ў 2020 годзе паміж Ізраілем і трыма арабскімі краінамі — Бахрэйнам, ААЭ і Марока. Дамоўленасці прадугледжваюць усталяванне дыпламатычных адносін з Ізраілем і адкрыццё ў ім пасольстваў, а таксама супрацоўніцтва ў эканоміцы і іншых сферах.

Чытайце таксама:

Удзельнікі трампаўскай Рады міру не спяшаюцца пералічваць грошы ў яе скарбонку

Зяленскі звярнуўся да Трампа і Кангрэса з адмысловым лістом: ракеты для «Пэтрыат» вычарпаліся

Трамп пройдзе трэцяе медыцынскае абследаванне за 13 месяцаў

Іран нібыта гатовы вывезці свой узбагачаны ўран. Але толькі ў Кітай

Каментары да артыкула