Выйшла кніга пра паўсядзённае жыццё мінчан 80 гадоў таму
У выдавецтве «Коларград» выйшла навукова-папулярная кніга гісторыка і архівіста Уладзіміра Монзуля «Паўсядзённае жыццё Мінска ў 1944‑1953 гадах». Праз прызму маленькіх гісторый і малавядомых фактаў выданне раскрывае тэмы паўсядзённага жыцця мінчан 80 гадоў таму, піша «Будзьма».
«Кніга дазваляе зазірнуць у кожны кут мінскіх камуналак і працоўных інтэрнатаў, прайсціся па завадскіх цэхах, падглядзець лічбы ў разліковых лістках, паштурхацца ў крамных чэргах, праінспектаваць змесціва талерак і шклянак, пасядзець на кінасеансе», — піша аўтар выдання на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Кніга паўстала як вынік васьмігадовай працы аўтара і складаецца з 5 частак, агулам амаль 600 старонак. У выданні амаль 2000 спасылак на крыніцы, каля 1600 спасылак — на дакументы Нацыянальнага архіва (у тым ліку больш за 1100 — на галоўны архіўны фонд Беларусі, № 4п «ЦК КПБ») і яшчэ каля 300 — на газеты, успаміны, дзённікі і лісты беларускіх пісьменнікаў.
«Абсалютная большасць архіўных дакументаў не публікавалася і не выкарыстоўвалася ў навуковых працах, многія з іх увогуле ні разу не заказваліся ў апошнія 35 гадоў. Адначасова з аналізам мноства крыніц я стараўся памятаць пра інтарэсы чытачоў, дадаючы яркія дэталі і асвятляючы цікавыя тэмы, пры гэтым не перагружаючы тэкст залішнімі падрабязнасцямі, адступленнямі, развагамі і ацэнкамі», — адзначае Уладзімір Монзуль.
Па словах аўтара, падобных навукова-папулярных і проста папулярных кніг па савецкай штодзённасці напісана шмат, але яны па большай частцы пра Маскву і Ленінград/Санкт-Пецярбург. Цяпер жа можна будзе чытаць не толькі пра тое, як жылося там, але і пра тое, як жылося тут, тым больш што спецыфіка Беларусі ў гэты перыяд вельмі заўважная.
Уладзімір Монзуль падкрэслівае, што, хоць пачынаў пісаць кнігу як выключна навуковую, у працэсе вырашыў пераасэнсаваць падыход і адысці ад прэснага тэксту, каб утрымліваць увагу чытача. У выніку кніга перастала быць даследаваннем у строгім сэнсе слова, «стаўшы разгорнутым сістэматычным апісаннем, што нашмат лепш пасавала навукова-папулярнаму характару праекта». «Паколькі стан айчыннай гістарыяграфіі і яе сувязі з калектыўнай гістарычнай памяццю па многіх напрамках можна апісаць словамі «конь не валяўся», то можа аказацца каштоўным нават такі сціплы ўклад у выпраўленне гэтага сумнага становішча (а гэта, мяркую, галоўная задача нашага пакалення гісторыкаў», — адзначае аўтар.