БЕЛ Ł РУС

Суд у Кіеве адмовіўся вызваліць з-пад варты падазраваную ў шпіянажы Іну Кардаш

28.05.2026 / 13:56

Nashaniva.com

Грамадзянка Беларусі была затрыманая сёлета 21 студзеня паводле падазрэння ў шпіянажы на Камітэт дзяржаўнай бяспекі, і яе адвакат прасілі суд адмяніць рашэнне першай судовай інстанцыі аб прадаўжэнні яе ўтрымання пад вартай і вызваліць яе пад заклад і падпіску аб нявыездзе.

Іна Кардаш. Фота: фэйсбук

Як стала вядома Радыё Свабода, апеляцыйную скаргу грамадзянкі Беларусі 13 мая разглядала судовая калегія. Іна Кардаш удзельнічала ў судовым пасяджэнні праз відэасувязь з Кіеўскага следчага ізалятара.

Адвакат і Іна Кардаш абгрунтоўвалі неабходнасць адмяніць утрыманне яе пад вартай тым, што выстаўленыя ёй падазрэнні грунтуюцца «толькі на здагадках і не падмацаваныя ніякімі доказамі».

Судовая калегія адзначыла, што следчы суддзя, які вынес пастанову аб прадаўжэнні ўтрымання Кардаш пад вартай да 14 чэрвеня, абгрунтавана прыйшоў да высновы аб існаванні рызыкі, што падазраваная можа схавацца ад следства, знішчыць або прыхаваць істотныя для расследавання рэчы і дакументы, а таксама незаконна ўплываць на сведкаў ці экспертаў.

Пры гэтым апеляцыйны суд спаслаўся на практыку Еўрапейскага суда правоў чалавека, паводле якой наяўнасць падстаў для ўтрымання асобы пад вартай павінна ацэньвацца з улікам канкрэтных абставін крымінальнай справы, а само абмежаванне свабоды на час дасудовага расследавання можа быць апраўданым, паколькі гэтага патрабуюць інтарэсы грамадства, і яны, нягледзячы на прэзумпцыю невінаватасці, маюць перавагу над прынцыпам павагі да асабістай свабоды.

Судовая калегія пры вынясенні рашэння грунтавалася на шасці рашэннях Еўрапейскага суда па правах чалавека, вынесеных у справах замежных і ўкраінскіх грамадзян супраць Балгарыі, Францыі, Украіны і Швейцарыі.

У выніку суддзі адхілілі апеляцыю Іны Кардаш і яе адваката і прызналі законным прадаўжэнне яе арышту да 14 чэрвеня.

Чытайце таксама:

Беларусь хоча забраць журналістку Іну Кардаш, якую ва Украіне вінавацяць у шпіянажы на КДБ

Працавала з КДБ праз іншага беларуса і ўжо служыла ў Мінабароны Украіны. Новыя дэталі ў справе Іны Кардаш

КДБ пачаў кар’еру Кардаш, падсунуўшы яе ў Мінску 55‑гадоваму гуру ўкраінскай журналістыкі

Каментары да артыкула