«Чаму я пастаянна павінна глядзець на гадзіннік?» Беларусы ў шоку ад правіл у некаторых мінскіх рэстаранах
У Мінску абмяркоўваюць новае правіла ў некаторых рэстаранах, асабліва нацыянальнай кухні — абмежаванне часу для гасцей. Людзі скардзяцца, што ім даюць толькі каля дзвюх гадзін на вячэру, асабліва ў гадзіны пік, напрыклад у пятніцу ўвечары, піша Tochka.by.
Фота ілюстрацыйнае
Гісторыя пачалася з дзяўчыны, якая хацела забраніраваць столік для кампаніі з сямі чалавек. У некалькіх установах, у прыватнасці ў «Літвінах» і «Бульбашах», ёй сказалі, што стол даецца максімум на дзве гадзіны: напрыклад, з 18:30 да 20:30. Пры гэтым стравы могуць гатавацца да 30 хвілін, і папярэдні заказ не прадугледжаны.
Гэта яе абурыла, бо яна хацела не проста паесці, а спакойна правесці час з сябрамі. На думку дзяўчыны, такія абмежаванні прымушаюць увесь час сачыць за гадзіннікам і псуюць атмасферу адпачынку.
«Я прыходжу не толькі паесці, а яшчэ і пакамунікаваць, і добра правесці час у кампаніі людзей, якіх даўно не бачыла. Якога чорта я павінна нервавацца і пастаянна глядзець на гадзіннік, каб укласціся ў ліміт? Гэта ж, блін, не каву з дэсертам 2 гадзіны цадзіць, камон. Карацей, я ў афігу», — выказалася кліентка.
У каментарыях многія падтрымалі яе і сказалі, што таксама з гэтым сутыкаліся. Некаторыя лічаць такія правілы незаконнымі. Адзін з карыстальнікаў паведаміў, што звяртаўся ў МАРГ, пасля чаго праводзілася праверка, і некаторыя рэстараны атрымалі штрафы за парушэнне правіл гандлю.
Аднак ёсць і тыя, хто ставіцца да гэтага спакайней. Яны лічаць, што рэстараны ўводзяць такія абмежаванні з-за вялікага патоку наведвальнікаў, у тым ліку турыстаў з Расіі, каб абслугоўваць больш людзей.
У выніку кампанія дзяўчыны знайшла рэстаран без абмежавання па часе. А абмеркаванне ў сацсетках ператварылася яшчэ і ў спіс устаноў, куды можна пайсці без такіх правіл.
Чытайце таксама:
Ці абавязаныя рэстараны даваць ваду кліентам: гучнае рашэнне суда ў турыстычнай Італіі
Каля гіганцкага зубра на трасе М1 адкрыюць кавярню з татарскай кухняй