БЕЛ Ł РУС

Калас: Еўрасаюз не можа быць пасярэднікам у перамовах паміж Украінай і Расіяй

28.05.2026 / 21:52

Nashaniva.com

Вярхоўная прадстаўніца Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас падчас прэс-канферэнцыі на палях нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін-членаў Еўрасаюза кіпрскім Лімасоле заявіла, што Еўрасаюз не можа выступаць «нейтральным пасрэднікам» на магчымых мірных перагаворах паміж Кіевам і Масквой, паколькі адкрыта падтрымлівае ўкраінцаў і абараняе ўласныя інтарэсы бяспекі.

Кая Калас. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Па словах дыпламаткі, еўрапейскі блок павінен дапамагчы ўкраінскаму боку ў гэтых перагаворах, але, маўляў, не можа быць пасярэднікам.

«Таму што мы абараняем інтарэсы Еўропы і інтарэсы Украіны. Таму што Украіна таксама знаходзіцца ў Еўропе… Мы не можам быць пасярэднікамі, мы не можам быць нейтральнымі, ставячыся да іх раўнапраўна. Мы відавочна на баку Украіны», — патлумачыла яна.

Калас лічыць, што перагаворы па завяршэнні вайны РФ супраць Украіны павінны адбывацца непасрэдна паміж Кіевам і Масквой.

«Вельмі важна, каб мы заклікалі Украіну і Расію да дыялогу, бо існуе мноства пытанняў, якія могуць вырашыць толькі яны самі, і ніхто іншы. Магчыма, ёсць краіны, якія займаюцца «чаўночнай дыпламатыяй», але ўрэшце менавіта яны павінны сесці за стол перамоў, каб абмеркаваць гэтыя пытанні, якія могуць вырашыць толькі яны», — сказала дыпламатка.

Раней чакалася, што на палях нефармальнай сустрэчы кіраўнікі МЗС краін — членаў ЕС могуць абмеркаваць кандыдатуру магчымага прадстаўніка ад блока на патэнцыйных перамовах паміж Украінай і РФ. Зрэшты, Калас удакладніла, што ўдзельнікі саміту больш гаварылі не пра канкрэтную кандыдатуру, а пра змест магчымых перамоў і ўмовы патэнцыйнага завяршэння вайны, перадумовай якіх павінна быць прыпыненне агню.

«Не можа быць ніякага юрыдычнага прызнання акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама павінна быць забяспечана адказнасць за зробленае. Расія павінна супрацоўнічаць з міжнароднымі расследаваннямі і пакрыць шкоду, прычыненую ёю. Любое мірнае пагадненне павінна цалкам прызнаваць суверэнітэт, незалежнасць Украіны і яе права самастойна выбіраць саюзнікаў», — дадала Кая Калас.

26 мая ў Еўракамісіі заяўлялі, што абяруць кандыдата ад ЕС на ролю прадстаўніка для ўдзелу ў мірных перагаворах па заканчэнні вайны Расіі супраць Украіны толькі тады, калі расійскія ўлады будуць да іх гатовыя.

Чытайце таксама:

Еўрасаюз пакуль не будзе прызначаць перамоўшчыка з Пуціным

«Усю выгаду ад гэтага займее Масква і Пуцін». Пазняк даў ацэнку візіту Ціханоўскай ва Украіну

Што стаіць за новымі пагрозамі Крамля «сістэмна біць па Кіеве» і каму яны накіраваныя?

У МЗС заявілі пра актыўны непублічны дыялог з Захадам

Каментары да артыкула