БЕЛ Ł РУС

У Расіі назвалі цэны на новыя «Волгі». Ці варта чакаць іх у Беларусі і што гэта наогул за аўто?

30.05.2026 / 14:00

Nashaniva.com

Пад адроджанным брэндам «Волга» будзе хавацца даўно вядомая беларусам марка.

Скрыншот: volga.auto

Ад размоў да вынікаў 4 гады

Пра планы адрадзіць выпуск аўтамабіляў пад брэндам «Волга» ў Расіі ўпершыню ўсур'ёз загаварылі яшчэ летам 2022 года, пасля таго як сусветныя аўтавытворцы пачалі пакідаць Расію ў адказ на ваенную агрэсію супраць Украіны.

Прэзентавалі «новыя» Volga ў маі 2024 года. Тады ў Ніжнім Ноўгарадзе паказалі адразу тры новыя аўтамабілі: седан Volga С40 і два красоверы — Volga К30 і Volga К40.

Аўтамабілі «Волга», якія так і не пачалі выпускаць. Фота: Максім Стуліў / Ведамасці

Па факце гэта былі тры аўтамабілі кітайскага брэнда Changan, толькі з «волгаўскімі» рашоткамі радыятара і шыльдзікамі. Але калабарацыя з Changan так і не адбылася, і выпуск кітайскіх аўто пад расійскім брэндам так і не пачаўся.

У выніку расіяне знайшлі новага партнёра, якім аказаўся канцэрн Geely. Днямі «Волга» агучыла цэны на свае аўто і анансавала пачатак продажаў у чэрвені.

Збіраць кітайска-расійскія аўтамабілі будуць на былых заводах канцэрна VW у Ніжнім Ноўгарадзе, дзе да вайны выпускалі VW і Škoda.

Што за мадэлі?

Прынамсі на старце ў «Волгі» будзе тры мадэлі: два красоверы і адзін седан. Ад кітайскіх Geely расійскія «Волгі» будуць адрознівацца бамперам, рашоткай радыятара і оптыкай.

Што да красовераў, то яны добра вядомыя беларусам. Самая танная Volga K40 — гэта Geely Atlas.

Volga K40 і Geely Atlas. Скрыншоты: volga.auto, geely.by

Цэны на кітайскія аўто расійскай зборкі будуць пачынацца з 2,75 млн расійскіх рублёў, што каля 38 530 даляраў па цяперашнім курсе.

У нас жа цэны на такі самы красовер, але толькі беларускай зборкі пачынаюцца з 92 900 рублёў, што каля 32 400 даляраў па актуальным курсе.

Другі,больш дарагі, красовер Volga K50 — гэта Geely Monjaro. Цэны на іх у Расіі будуць пачынацца з 4,2 млн расійскіх рублёў (амаль 59 тысяч даляраў).

Volga K50 (Geely Monjaro). Скрыншот: volga.auto

Geely Monjaro беларускай зборкі ў нас прадаюць па цэнах ад 115 900 рублёў, што каля 40 400 даляраў.

Адзначым, што, нягледзячы на знаходжанне ў адзінай мытнай прасторы, прыкметная розніца ў цэнах на аналагічныя аўто мясцовых зборак у Беларусі і Расіі — з'ява чаканая, бо ў кожнай краіны асобныя стаўкі ўтыльзбору. Нават спрадвечна расійская Lada у Беларусі каштуе танней, чым у самой Расіі.

Але заканадаўча зроблена так, што грамадзяне РФ не могуць набываць новыя аўто ў Беларусі. Дакладней, могуць, але будуць вымушаныя даплачваць грошы ў расійскі бюджэт, таму сэнсу ў гэтым няма.

Што да седана «Волга», то мадэль Volga C50 — гэта Geely Preface. Пачатковыя цэны на іх складаюць 2,9 млн расійскіх рублёў (каля 40 600 даляраў). Параўнаць з цаной аналагічных аўто ў Беларусі складаней, бо аналага гэтага аўто ў Беларусі не збіраюць і афіцыйна ў краіну не імпартуюць.

Скрыншот: volga.auto

А машыну 2025 года з прабегам 8500 км у Мінску прадаюць за 28 тысяч даляраў.

Ці варта чакаць «Волгі» на беларускіх дарогах?

Што да красовераў, то адказ адназначны — не, бо ў Беларусі ёсць Geely Atlas і Monjaro уласнай зборкі, таму кітайска-расійскія паркетнікі калі і з'явяцца на нашых дарогах, то ў якасці гасцей з усходу.

Але і з'яўленне ў продажы седана Volga C50 у Беларусі таксама малаверагоднае, як не з'явіліся ў Беларусі і «Масквічы».

Раней па падобнай схеме ў Расіі «адрадзілі» брэнд «Масквіч», якія цяпер збіраюць на магутнасцях былога завода Renault у Маскве. Як і ў выпадку з «Волгай», ад расійскага там толькі назва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула