БЕЛ Ł РУС

Хто і як выхоўвае дзяцей Пуціна. Новае расследаванне

29.05.2026 / 13:20

Вінцэсь Клепачэня

Пакуль Пуцін змагаецца з «калектыўным Захадам» і вядзе вайну, яго ўласныя дзеці з маленства акружаны заходнімі выхавацелямі. Перад імі пастаўлена задача з самых ранніх гадоў вымуштраваць хлопчыкаў да моўнага ўзроўню «адукаваных еўрапейцаў». На ўтрыманне гэтага персаналу сям’я траціла і працягвае траціць сотні тысяч даляраў у год.

Пуцін узнагароджвае Кабаеву ордэнам «За заслугі перад Айчынай» IV ступені, 2005 год. Фота: kremlin.ru

Журналісты-расследавальнікі праекта «Сістэма» атрымалі доступ да дакументаў і перапіскі за перыяд 2017—2026 гадоў, якія тычацца найму замежных спецыялістаў для выхавання сыноў Уладзіміра Пуціна і Аліны Кабаевай. Большая частка гэтых звестак змяшчаецца ў лістах на паштовую скрыню, якой карыстаюцца Алеся Федзіна і Кацярына Галавачова — стрыечныя сёстры Аліны Кабаевай.

Журналісты сцвярджаюць, што праверылі дакладнасць і праўдападобнасць атрыманых звестак некалькімі спосабамі і звязаліся з фігурантамі перапісак. Дзве з іх пацвердзілі інфармацыю, выкладзеную ў дакументах.

Згодна з дакументамі, справамі, звязанымі з наймам замежных гувернёраў і настаўнікаў для малодшых дзяцей Пуціна, займаюцца Федзіна і Галавачова. Першая выступае як прадстаўніца сям’і і перадае пажаданні па выхаваўчым працэсе, а другая курыруе фінансавыя і арганізацыйныя пытанні.

Імёны бацькоў, для якіх насамрэч наймаюць гувернантак, ні ў дакументах, ні ў перапісках не раскрываюцца: пра іх пішуць у трэцяй асобе, называючы «сям’ёй» або «бацькамі». Контрагенты сясцёр Кабаевай па перапісцы — гэта супрацоўнікі звязаных з сям’ёй афшораў, памочнікі Кабаевай, іншыя юрыдычныя кампаніі, а таксама агенцтвы па падборы элітнага персаналу.

Асаблівасці выхавання

Паводле інфармацыі з ранейшых даследаванняў, у Пуціна і Кабаевай двое сумесных дзяцей — Іван, 2015 года нараджэння, і Уладзімір, 2019-га.

Замежных выхавацеляў сям’я пачала шукаць яшчэ ў 2017 годзе, калі Івану не было і двух гадоў. Ужо ў 2018 годзе ў раскладзе трохгадовага Вані былі англійская і нямецкая мовы, а таксама музыка.

Як вынікае са стэнаграмы сустрэчы Алесі Федзінай з гувернанткамі ў 2019 годзе, да чатырох гадоў Іван павінен быў быць пастаянна пагружаны ў «моўную ванну». Яго англійская гаворка павінна была быць звязнай, як «мова граматнага еўрапейца». Да навучання нямецкай мове вылучаліся падобныя патрабаванні.

Гувернёры не толькі вучылі мове, але і клапаціліся пра дзіця: так, настаўніца англійскай мовы Аманда С. паралельна з апусканнем трохгадовага Вані ў моўнае асяроддзе павінна была сачыць за тым, каб бульба ў талерцы была размятая, а булён цалкам пакрываў макароны.

У 2019 годзе гувернёраў ужо настройвалі на падрыхтоўку хлопчыка да школы. Аднак, як адзначаюць аўтары, на гэты момант няма звестак пра тое, каб хтосьці з дзяцей Пуціна пайшоў у агульнаадукацыйную школу разам з іншымі дзецьмі.

У апошнія некалькі гадоў рэпетытараў наймалі ўжо малодшаму брату Вані — Вове. У перапісках і дакументах ад 2021—2022 гадоў яго называлі «маленькі» — хлопчыку тады не было і трох гадоў.

Як правіла, у адзін перыяд часу з адным дзіцём працавалі прыкладна 4—6 чалавек: частка адначасова, частка змяняючы адзін аднаго. Працадаўцы паміж сабой называлі гувернантак «брытанцамі» або «немцамі» ў залежнасці ад мовы, якую яны выкладалі. Перад гувернёрамі стаяла аб’ёмная задача: ствараць дзіцяці моўнае асяроддзе і залучаць яго ў заняткі ў гульнявой форме.

Паштоўка бацькам да каталіцкіх Калядаў 2018 года. Фота з справаздачы адной з гувернантак. Крыніца: svoboda.org

Хто выхавацелі

Як сцвярджаюць аўтары, за апошнія восем гадоў у сям’і прэзідэнта і былой алімпійскай чэмпіёнкі працавалі не менш за 20 замежных гувернёраў і гувернантак. Сярод іх грамадзяне Вялікабрытаніі, ПАР, Новай Зеландыі, Германіі, Аўстрыі, Ірландыі. «Сістэме» вядомыя імёны, прозвішчы і пашпартныя даныя ўсіх гэтых супрацоўнікаў, але рэдакцыя не раскрывае іх з меркаванняў абароны персанальных даных.

Журналісты адзначаюць, што яны змаглі знайсці звесткі толькі пра адну расійскую настаўніцу, Паліну Т., якая вучыла Івана музыцы і знаёміла яго ў тым ліку з творамі Сяргея Пракоф’ева і Мікалая Рымскага-Корсакава.

Умовы працы

Журналісты таксама азнаёміліся з паўтара дзясяткам кантрактаў, якія ў розныя гады дасылаліся будучым супрацоўнікам для подпісу. На дакуменце стаяць імёны бакоў: як правіла, гэта сам супрацоўнік і Алеся Федзіна ў ролі наймальніка.

Некаторыя пункты гэтай дамовы цалкам лагічныя для персаналу заможнай сям’і: забяспечваць адукацыйны працэс, не піць і не курыць на працы, сачыць за знешнім выглядам падапечнага і прыёмам лекаў, а таксама не абмяркоўваць з трэцімі асобамі працу і нічога не публікаваць пра яе ў сацыяльных сетках.

У працоўны час забаронена карыстацца гаджэтамі (калі толькі гэта не патрэбна для навучання), а таксама весці не агавораную загадзя фота– і відэаздымку. Персанал павінен апранацца ахайна і не выкарыстоўваць парфуму ці дэзадаранты з моцным пахам.

Некаторыя ўмовы даволі суворыя і выдаюць спецыфічныя асцярогі сям’і — асабліва ў той частцы, якая тычыцца здароўя.

Так, супрацоўнік, які падпісаў кантракт, абавязаны праходзіць медыцынскае абследаванне. Гэта дыспансерызацыя павінна больш-менш адпавядаць нормам расійскіх законаў аб неабходных для працы з дзецьмі абследаваннях, але пры патрэбе туды могуць дадаць дадатковыя аналізы. Абследаванне супрацоўнікі праходзяць раз у год (як правіла, гэта клініка «Сагаз» у Санкт-Пецярбургу) і кожны раз, калі супрацоўнік выязджае за межы месца працы і вяртаецца назад.

Хварэць на гэтай працы вельмі непажадана. Працадаўца аплачвае толькі шэсць дзён бальнічнага за паўгода. Калі высветліцца, што ў супрацоўніка інфекцыйнае захворванне або любая іншая хвароба, якая можа паўплываць на яго працу больш чым на тры тыдні, гувернёра могуць звольніць адным днём.

Супрацоўніку даюць кватэру або пакой у гасцінічным нумары. Пры гэтым наймальнік папярэджвае: у кватэру (або нумар) у любы момант могуць падсяліць яшчэ аднаго чалавека. Адзінае, што гарантуе працадаўца — асобны пакой для кожнага супрацоўніка і асобную прыбіральню з душам. Персаналу аплачваюць тэлефон, газ, электрычнасць і інтэрнэт, акрамя падпісак на стрымінгавыя каналы і асабістых міжнародных званкоў.

Рэзідэнцыя Пуціна на Валдаі. Фота: proekt.media

У вывучаных «Сістэмай» перапісках некалькі разоў згадваецца «вёска» або «лес»: відавочна, гаворка ідзе пра жыццё паблізу прэзідэнцкай рэзідэнцыі на Валдаі. Супрацоўнікам аплачваюць дарогу да рэзідэнцыі з Масквы ці Санкт-Пецярбурга (білеты да чыгуначнай станцыі Углоўка), а таксама білеты ў Сочы, калі сям’я пераязджае туды. Самастойны выезд у горад з «сямейнага комплексу» немагчымы.

У кантракце кожнага выхавацеля прапісаны жорсткія абмежаванні на пэўныя тэмы:

«Ніколі не навязваць Падапечнаму свае рэлігійныя, палітычныя ці ідэалагічныя погляды. Не закранаць тэмы сэксуальных узаемаадносін або сэксуальнага выхавання, не ўзгадніўшы гэта папярэдне з Наймальнікам. Ні пры якіх абставінах не закранаць тэмы, звязаныя з ЛГБТ».

Акрамя гэтага, ад гувернантак патрабуецца штодзённае запаўненне справаздач аб праведзеным з дзіцём часе. Яны займаюць некалькі старонак падрабязнага пераліку актыўнасцяў, з фотаздымкамі і прыкладамі. Асобна для маленькага Вані настаўнікі запаўнялі цэлы «трэкер» дасягненняў.

Трэкер развіцця дзіцяці, якім карысталіся выхавацельніцы дзяцей Пуціна. Фота: svoboda.org

Аплата працы

Кожны супрацоўнік падпісвае дзве дамовы аб працы.

Першая, у якой падрабязна распісаны ўмовы жыцця і выхавання нашчадкаў, падпісваецца з наймальнікам — прадстаўніком сям’і. Як правіла, ім выступае Алеся Федзіна. Дзіця ў гэтым кантракце называецца «Падапечным». У адным з дакументаў, датаваным 2019 годам, падапечны названы па імені: «Іван Федзін». Насамрэч сына Алесі Федзінай клічуць інакш.

У гэтай дамове і ўказваецца рэальны заробак супрацоўніка. Сума ў кожнага індывідуальная і залежыць ад асабістых дамоўленасцяў, але парадак прыкладна аднолькавы. Так, у 2019 годзе аплата выхавання «Івана Федзіна» складала 1400 еўра за 40 гадзін працы на тыдзень. У пазнейшых дамовах фігуруюць падобныя сумы: напрыклад, 1500 фунтаў стэрлінгаў за 60 гадзін працы на тыдзень.

Ваня. Красавік 2019 года. Фота з справаздачы выхавацельніцы. Крыніца: svoboda.org

Другі кантракт замежнік заключае з расійскай юрыдычнай асобай: «Інстытутам прафесійнай перападрыхтоўкі Міжнароднага медыцынскага цэнтра «Сагаз»» (радзей — з самім ММЦ «Сагаз»). Пасада, указаная ў гэтай працоўнай дамове, — «вядучы перакладчык». Такое афіцыйнае працаўладкаванне неабходна для таго, каб супрацоўнікі сям’і маглі атрымліваць дазволы на працу і візы ў Расіі як «высокакваліфікаваныя спецыялісты» (ВКС).

Статус ВКС не проста дазваляе атрымаць дазвол на пражыванне для замежніка: за такога спецыяліста кампанія-працадаўца амаль не плаціць у бюджэт сацыяльных узносаў. Афіцыйны аклад, які пазначаны ў дамове большасці гувернантак з «Сагазам», — 167 тысяч расійскіх рублёў у месяц на 2020 год (на той момант прыкладна $2300—2500). Тады гэта было мінімальным заробкам, які дазваляў міграцыйным органам ухваліць статус ВКС.

У большасці выпадкаў рэшту свайго заробку супрацоўнікі атрымлівалі на расійскі ж рахунак ад гэтай жа кампаніі: проста большая частка заробку афіцыйна выплачвалася як «прэмія», і яе памер залежаў ад колькасці рэальна адпрацаваных дзён, бальнічных, адпачынкаў і гэтак далей.

Журналісты вывучылі аплатныя ведамасці і падлічылі, што за жнівень 2022 года пяці супрацоўнікам толькі на афіцыйныя расійскія рахункі выплацілі каля $31800 — у гэтую суму не ўваходзяць грошы, якія маглі аддавацца наяўнымі або пераводзіцца на замежныя рахункі.

Разлік выплат за жнівень 2022 года. Грэчаскія літары (Альфа, Амега і іншыя) — кодавыя імёны гувернантак, якія выкарыстоўваюцца для ўліку налічэнняў выплат. Фота: svoboda.org

У 2020 годзе ў перапісцы абмяркоўваліся планы ўкамплектавання штата нянь на бліжэйшы час. Паводле ацэнкі Галавачовай, сям’я планавала ўтрымліваць 5—6 супрацоўнікаў з акладам каля $7000, што абыходзілася б у суму мінімум $30 тысяч штомесяц, або каля $400 тысяч у год.

Як сцвярджаюць расследвальнікі, па стане на студзень 2026 года ў сям’і Пуціных працавалі як мінімум тры замежныя няні: грамадзянка Босніі і Герцагавіны Соф’я Б., грамадзянка Германіі Ірэн Э. і грамадзянка ПАР Кэрал Р. Сумарна ў студзені ім выплацілі больш за $45 тысяч (без уліку магчымых дадатковых выплатаў). Мяркуючы па банкаўскіх выпісках, якія ёсць у распараджэнні «Сістэмы», адна толькі Кэрал Р. зарабіла ў перыяд са студзеня па май 2026 года больш за $30 тысяч.

Чытайце таксама:

Расследавальнікі расказалі, дзе жывуць Пуцін з Кабаевай і як выглядае іх жытло

Стала вядома, якія прозвішчы прыкрыцця далі сынам Пуціна і Кабаевай

Ізаляцыя ў рэзідэнцыях і гувернёры з Паўднёвай Афрыкі. Як жывуць засакрэчаныя сыны Пуціна і Кабаевай

Каментары да артыкула