БЕЛ Ł РУС

Расія хоча адправіць 100 тысяч армян у Арменію, каб яны прагаласавалі на парламенцкіх выбарах супраць Пашыняна

29.05.2026 / 12:29

Nashaniva.com

Армянам не дазваляецца галасаваць на выбарах з-за мяжы.

Нікол Пашынян. Фота: Mikhail Metzel, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Расійскія чыноўнікі ў апошнія месяцы абмяркоўвалі адпраўку армян, якія жывуць у Расіі, для галасавання за апанентаў Пашыняна на парламенцкіх выбарах, што павінны прайсці 7 чэрвеня, паведамілі пяць крыніц Reuters.com.

Армяне складаюць вялікую сусветную дыяспару, у тым ліку насельніцтва ў Расіі, якое, паводле некаторых ацэнак, перавышае 2 мільёны чалавек. Пры гэтым армянам не дазваляецца галасаваць на выбарах з-за мяжы.

Адна крыніца — высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік — заявіла, што ў разведвальнай супольнасці ідуць спрэчкі наконт таго, колькі людзей Масква рэальна зможа перавезці. Аднак, паводле яго слоў, спецслужбы ўспрымаюць гэтую ідэю сур’ёзна. Армяне рэгулярна перамяшчаюцца паміж дзвюма краінамі, а штодня выконваюцца дзясяткі авіярэйсаў.

Паводле трох крыніц, расійскія ўлады ацанілі кошт перавозкі 100 тысяч выбарцаў прыкладна ў $50 млн. Да сярэдзіны мая Крэмль нібыта вызначыў квоты для кожнага рэгіёна па колькасці армян, якіх трэба адправіць, і запатрабаваў ад мясцовых адміністратараў справаздачы аб падрыхтоўцы.

Reuters не ўдалося ўстанавіць, ці рэалізуецца такі план на практыцы і ці змог бы ён скараціць вялікі разрыў паміж лідарамі выбарчай гонкі.

Паводле апытання, праведзенага раней у гэтым месяцы, партыя Нікола Пашыняна «Грамадзянская дамова» павінна заняць першае месца прыкладна з 30% галасоў.

Партыя «Моцная Арменія» Самвела Карапецяна, паводле таго ж апытання, набірае каля 6% і значна адстае ва ўмовах высокай канкурэнцыі.

Пашынян прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў, якія зрынулі яго прарасійскага папярэдніка. 

У жніўні 2025 года Пашынян заключыў пры пасярэдніцтве ЗША мірнае пагадненне, закліканае завяршыць шматгадовы канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам вакол спрэчнага рэгіёна. Здзелка прадугледжвае адкрыццё транспартнага маршруту праз поўдзень Арменіі, што дазволіць таварам рухацца на ўсход у бок Цэнтральнай Азіі, а Азербайджан атрымае прамы доступ да свайго эксклава Нахічэвань і да Турцыі. 

Чытайце таксама:

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку

Трамп заявіў аб поўнай і безумоўнай падтрымцы Пашыняна на парламенцкіх выбарах

Развод з Масквой у абмен на еўрапейскі бязвіз. Арменія сыходзіць з расійскай арбіты пад пагрозы Пуціна

Каментары да артыкула