БЕЛ Ł РУС

Бяляцкі расказаў, пра што размаўляў на сустрэчы з Папам Львом XIV

29.05.2026 / 14:38

Nashaniva.com

«Сама сустрэча была кароткай. Фактычна ён слухаў, а гаварыў я».

Фота: Ватыканскія навіны

27 мая пасля агульнай аўдыенцыі ў Рыме Папа Леў XIV прыняў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, былога палітвязня, каталіцкага верніка Алеся Бяляцкага з жонкай Наталляй Пінчук і правёў з імі размову. Бяляцкі расказаў Радыё Свабода, як адбылася гэтая сустрэча.

— На працягу ўсіх гэтых гадоў, пакуль я сядзеў у турме, у маёй жонкі, Наталлі Пінчук, былі пастаянныя кантакты з Ватыканам. Яна неаднаразова звярталася і да папы. Яму перадавалі таксама звароты ад іншых людзей, ад праваабаронцаў, якія прасілі касцёл адыграць сваю ролю ў вызваленні мяне і іншых беларускіх палітычных зняволеных.

Гэтая сустрэча была фактычна працягам тых кантактаў, якія былі з Ватыканам усе апошнія гады. Быў накіраваны запыт на гэтую сустрэчу, быў атрыманы дазвол.

Тое, што папа пагадзіўся сустрэцца ў такім фармаце аўдыенцыі, сведчыць, што пытанні беларускіх палітычных зняволеных і ўвогуле сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі хвалююць Святы Прастол.

— Сустрэча адбывалася ў традыцыйным фармаце, на плошчы Святога Пятра ў Рыме. Папа Леў, як звычайна, аб’язджаў на папамабілі дзясяткі тысяч людзей, якія былі на плошчы. Гэта адбывалася перад імшой, затым была праведзена служба, ледзь не на шасці мовах адначасова, і пасля гэтай службы адбыліся кароткія спатканні і размовы з групамі людзей. Такая размова адбылася і ў нас.

Сама сустрэча была кароткай. Фактычна ён слухаў, а гаварыў я. Часу было мала, і мне трэба было паспець выказаць асноўныя думкі.

Па-першае, я падзякаваў за тую ўвагу, якую Святы Прастол удзяляе Беларусі ў апошнія гады, няпростыя гады і для касцёла, і для беларускага грамадства. Гэта вельмі важна, каб мы не сыходзілі з фокусу ўвагі.

Ведаючы, наколькі сур’ёзна Папа ставіцца да ўзброенага канфлікту, нападу Расіі на Украіну (бо ён неаднаразова заклікаў спыніць гэтую вайну, выказваўся пра злачыннасць гэтай вайны, выступаў заўсёды з пазіцыі міру), дык, безумоўна, і Беларусь таксама ёсць у фокусе ўвагі Ватыкана.

Я, вядома ж, падзякаваў за гэтую ўвагу і таксама сказаў пра тое, што ў Беларусі цяпер сітуацыя з правамі чалавека вельмі кепская, і мы спадзяёмся, што Ватыкан будзе ўдзяляць яшчэ большую ўвагу таму, што адбываецца ў нас. Бо таксама трывожная сітуацыя і з магчымасцямі працы для каталіцкага касцёла — як рымска-каталіцкага, так і грэка-каталіцкіх абшчын.

Я папрасіў яго маліцца за Беларусь, маліцца за беларускі народ. Гэта заўсёды мае два аспекты — гэта і прамы літаральны, і больш ускосны, каб Ватыкан спрабаваў уплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.

Адначасова мы з Наталляй перадалі яму невялікія падарункі і таксама ліст, які больш падрабязна спыняецца на тых праблемах з правамі чалавека і на сітуацыі, у якой знаходзіцца каталіцкі касцёл у Беларусі. Ад папы мы таксама атрымалі ў падарунак ружанцы.

— З боку Ватыкана гэта быў знак салідарнасці з беларускімі палітвязнямі, з тымі людзьмі, якія знаходзяцца ў бядзе, якія пакутуюць, якія хворыя і па шмат гадоў без сем’яў, якія сядзяць у турме толькі за свае перакананні. І гэта знак падтрымкі таксама для ўсяго беларускага грамадства, якое знаходзіцца ў цяжкіх умовах. А з нашага боку гэта была спроба актывізаваць Ватыкан у яго палітыцы адносна Беларусі.

— На сустрэчу я ехаў не толькі як праваабаронца — яна была для мяне таксама асабіста важнай як для верніка і як для чалавека, які мог сказаць пра праблемы беларускага грамадства непасрэдна самому папу.

Мне асабліва трывожна за тое, што ў турме цяпер знаходзіцца ксёндз Анатоль Парахневіч. Ён трапіў у турму сёлета. Гэта адзін з тых беларускіх ксяндзоў, які пачаў служыць па-беларуску яшчэ ў 1990‑я гады. Ён фактычна далучыўся да адраджэння беларускай мовы ў каталіцкім касцёле ў наш час.

Чалавек, якому ўжо 65 гадоў, у турме. Там у яго адбыўся інфаркт, цяжкі стан па здароўі, тым не менш ён застаецца ў турме. Вось такая пазіцыя беларускіх уладаў да святароў, да беларускамоўных святароў. Гэта, вядома ж, выклікае ў мяне абурэнне.

Тое ж самае датычыцца масавай фактычнай высылкі ксяндзоў, якія былі на місіях, якія працавалі ў нас ужо не адзін год і таксама дапамагалі адраджаць каталіцкі касцёл у Беларусі пасля яго амаль поўнага разбурэння ў савецкія часы. Усё гэта трывожныя сігналы. На жаль, касцёл у Беларусі цяпер знаходзіцца ў вельмі няпростай сітуацыі, і нельга казаць пра нармальнае развіццё касцёла ў Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула