БЕЛ Ł РУС

Ініцыятыва Maldzis вярнула малюнак Восіпа Любіча

29.05.2026 / 15:13

Nashaniva.com

Ініцыятыва Maldzis набыла на аўкцыёне ў Ізраілі малюнак яркага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва Восіпа Любіча, які быў родам з Горадні.

Фота: Maldzis

«Восіп Любіч — гэта прыклад таго, як творчасць мастака з Горадні становіцца часткай еўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёння застаецца малавядомай у Беларусі. Мы хочам гэта змяніць праз вяртанне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасці», — кажа кіраўнік ініцыятывы Maldzis Павел Мацукевіч

Малюнак Любіча «Рабочыя» быў набыты на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю.

У будучыні набыты твор плануецца перадаць у Горадню ў якасці грамадскага падарунка.

Фота: Maldzis

«Малюнак Любіча адкрывае новы раздзел у гісторыі дзейнасці Maldzis. Гэта крок да фармавання больш цэласнага бачання беларускай культурнай спадчыны, якая ўключае не толькі архіўныя і гістарычныя каштоўнасці, а і выяўленчае мастацтва», — кажа апякун ініцыятывы Рыгор Астапеня.

27 чэрвеня малюнак можна будзе пабачыць у межах «Art-кавярні Maldzis з Дзмітрыем Салодкім» у Варшаве.

Пра Восіпа Любіча

Восіп Любіч (1896—1990) — мастак беларускага паходжання, адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.

Нарадзіўся ў Гродне ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў класічную мастацкую адукацыю. У 1920‑ым годзе пераехаў у Берлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы, кіно. Гэта паўплывала на ягоную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.

Фота: Wikimedia Commons

З 1923‑га года жыў у Парыжы, у асяроддзі Манпарнаса — цэнтра мастацкага жыцця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыжскай школы. Ягоная творчасць уключае партрэты, пейзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцця.

Падчас Другой сусветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лагер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.

Ягоныя творы сёння знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі — у Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка».

Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула