Расія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан запатрабавалі ад Арменіі правесці рэферэндум і выбраць паміж Еўрапейскім і Еўразійскім саюзамі
У сумеснай заяве Уладзіміра Пуціна, Аляксандра Лукашэнкі, Касыма-Жамарта Такаева і Садыра Жапарава гаворыцца, што падрыхтоўка Ерэвана да ўступлення ў ЕС нясе «істотныя рызыкі для эканамічнай бяспекі» краін ЕАЭС.
Фота Contributor / Getty Images
Улады Расія, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан 29 мая запатрабавалі ад Арменіі правесці рэферэндум і вырашыць пытанне, ці застаецца краіна ў складзе Еўразійскага эканамічнага саюза, або працягвае імкнуцца да ўступлення ў Еўрапейскі саюз, піша «Медуза».
У сумеснай заяве Уладзіміра Пуціна, Аляксандра Лукашэнкі, Касыма-Жамарта Такаева і Садыра Жапарава гаворыцца, што падрыхтоўка Ерэвана да ўступлення ў ЕС нясе «істотныя рызыкі для эканамічнай бяспекі» краін ЕАЭС. Аўтары заявы лічаць, што неабходна «прадухіліць звязаную з гэтым шкоду».
«Падзяляем пазіцыю аб неабходнасці правядзення ў Арменіі ў як мага карацейшыя тэрміны агульнанацыянальнага рэферэндуму адносна ўступлення ў Еўрапейскі саюз або далейшага знаходжання ў складзе Еўразійскага эканамічнага саюза».
Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раней неаднаразова заяўляў, што Ерэван, пакуль гэта магчыма, будзе працягваць адначасова супрацоўнічаць як з заходнімі краінамі, так і з дзяржавамі ЕАЭС. Паводле яго слоў, як толькі такой магчымасці не стане, народ Арменіі зробіць свой выбар.
7 чэрвеня ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. На гэтым фоне адносіны паміж Масквой і Ерэванам рэзка пагоршыліся. Расія абвінавачвае дзейнага прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна ў празаходнім курсе. Масква таксама патрабуе дапусціць да выбараў кіраўніка расійскай прамыслова-будаўнічай групы Ташыр, бізнэсмена Самвела Карапецяна. У адказ на спробы Ерэвана зблізіцца з Еўрапейскім саюзам Расія пачала ўводзіць абмежаванні на імпарт прадукцыі з Арменіі.
Чытайце таксама:
«Крызіс ва Украіне з гэтага пачаўся». Пуцін у Астане намякаў на будучыя праблемы ў Арменіі