Былога прэм'ера Венгрыі Орбана могуць прыстроіць на працу ў ААН
Як паведамляе расследавальніцкі праект Vsquare, у ЗША разглядаюць магчымасць прызначэння былога прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана на высокую пасаду ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, што можа забяспечыць яму дыпламатычны імунітэт і абарону ад судовага пераследу на радзіме, піша «Еўрапейская праўда».
Віктар Орбан. Фота: Denes Erdos, AP
Як сцвярджаецца, такую ідэю абмяркоўваюць у асяроддзі MAGA-крыла Рэспубліканскай партыі ЗША. Пра гэта Vsquare паведамляе са спасылкай на замежныя і венгерскія крыніцы.
Згодна з канвенцыяй ААН 1946 года, поўным дыпламатычным імунітэтам карыстаюцца генеральны сакратар арганізацыі, яго намеснікі і памочнікі. Гэты імунітэт фактычна абараняе іх ад любых судовых пераследаў, уключаючы крымінальныя, і распаўсюджваецца таксама на членаў сям’і.
Кіраўнікі спецыялізаваных устаноў ААН таксама маюць імунітэт, але ў больш абмежаваным выглядзе — толькі адносна дзеянняў, звязаных з выкананнем службовых абавязкаў.
Акрамя магчымай падтрымкі з боку ЗША, Орбан можа разлічваць у гэтай справе і на прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея. Яго пазіцыя важная ў кантэксце барацьбы за пасаду наступнага генеральнага сакратара ААН, дзе адным з фаварытаў цяпер лічыцца блізкі да Мілея аргенцінец Рафаэль Гросі, які цяпер узначальвае МАГАТЭ.
Пасада ў ААН таксама дала б Орбану магчымасць працаваць у Нью-Ёрку. Паводле інфармацыі, летам ён плануе паездку ў ЗША на чэмпіянат свету па футболе, а яго дачка і зяць ужо каля года жывуць у гэтай краіне. У выпадку пагаршэння палітычнай сітуацыі ў Будапешце ён мог бы дзеля працы застацца ў ЗША на больш працяглы час, не звяртаючыся па палітычны прытулак.
Сам Орбан у адказ на пытанні журналістаў на гэты конт заявіў, што не баіцца магчымых судовых разглядаў і сцвярджае, што заўсёды дзейнічаў у межах закона.
Раней цяперашні прэм’ер-міністр Венгрыі Петэр Мадзьяр заяўляў, што звязаныя з Орбанам алігархі выводзяць значныя сродкі за мяжу і могуць рыхтавацца да ўцёкаў. Таксама гучалі меркаванні, што Орбан загадзя шукае магчымасць атрымаць прытулак у ЗША на выпадак пагрозы крымінальнага пераследу.
Чытайце таксама:
Парламент Венгрыі адмяніў ранейшае рашэнне аб выхадзе краіны з Міжнароднага крымінальнага суда
Прэзідэнт Венгрыі адмовіўся выконваць патрабаванне Мадзьяра адносна адстаўкі
Віктар Орбан адмовіўся прыняць дэпутацкі мандат
«Упершыню за гады ў зале няма рускіх» — Туск тонка пакпіў з Орбана