Пашынян: Арменія працягне працаваць у ЕАЭС да таго часу, пакуль выбар паміж ЕС і ЕАЭС не стане непазбежным
А правядзенне рэферэндуму па гэтым пытанні пакуль нелагічнае.
Нікол Пашынян, фота Contributor / Getty Images
«У Еўразійскім эканамічным саюзе мы працуем і будзем працягваць працаваць да таго моманту, калі выбар паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам стане непазбежным. А рашэнне, натуральна, павінен будзе прыняць народ Рэспублікі Арменія шляхам рэферэндуму», — сказаў Пашынян у прамым эфіры ў сацыяльных сетках, паведамляе «Дождь».
Паводле слоў Пашыняна, пакуль Арменія афіцыйна не звернецца наконт уступлення ў ЕС або не наблізіцца да статусу кандыдата на членства ў ЕС, правядзенне якога-небудзь рэферэндуму па гэтым пытанні нелагічнае.
«Адпаведна, мы працягнем спакойна, без палемікі працаваць у ЕАЭС. І я ўпэўнены, што ў гэтым кірунку ў нас яшчэ ёсць патэнцыял, які ў бліжэйшы час выкарыстаем», — сказаў ён.
Акрамя таго, прэм’ер-міністр адзначыў, што адносіны Арменіі і Расіі знаходзяцца ў стадыі трансфармацыі і назваў гэта пазітыўнай з’явай, «таму што ва ўмовах новай сітуацыі мы выбудоўваем новыя адносіны з Расіяй».
«Я ўпэўнены, што нам гэта ўдасца, у тым ліку таму, што нашы адносіны з Расіяй адкрытыя і шчырыя», — дадаў Пашынян.
29 мая па выніках пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета Арменіі прапанавалі выбраць паміж ЕС і ЕАЭС, правёўшы рэферэндум па гэтым пытанні ў «кароткія тэрміны».
7 чэрвеня ў Арменіі павінны прайсці парламенцкія выбары.
Чытайце таксама:
«Крызіс ва Украіне з гэтага пачаўся». Пуцін у Астане намякаў на будучыя праблемы ў Арменіі