БЕЛ Ł РУС

Дэпартаваны беларус вярнуўся ў Расію па прах памерлай жонкі — і атрымаў дзевяць месяцаў калоніі

1.06.2026 / 13:14

Nashaniva.com

Суддзя палічыў, што гэта не тыя абставіны, калі можна парушаць забарону на ўезд.

Невельскі раённы суд Пскоўскай вобласці Расіі асудзіў беларуса А. Кацэбу за тое, што той вярнуўся ў Расію, хоць меў забарону на ўезд.

Як вынікае з апеляцыйнай пастановы ад 20 мая 2026 года, гісторыя пачалася яшчэ ў 2023-м. Тады Маскоўскі раённы суд Пецярбурга прысудзіў Кацэбу тры гады зняволення за наркотыкі (ч. 2 арт. 228 КК РФ). У верасні 2025 года яго ўмоўна-датэрмінова вызвалілі, але адначасова прызналі яго знаходжанне ў Расіі непажаданым і вынеслі рашэнне аб дэпартацыі. Мужчыну забаранілі ўезд у Расію на пяць гадоў і пад подпіс папярэдзілі, што за парушэнне забароны яму пагражае крымінальная справа. У той жа дзень яго дэпартавалі ў Беларусь.

Аднак у студзені 2026‑га Кацэба вырашыў вярнуцца ў Пецярбург — паводле яго слоў, каб забраць прах памерлай жонкі і разабрацца з кватэрай у пасёлку Шушары.

Мужчына купіў білет на міжнародны цягнік «Гомель — Санкт-Пецярбург». Праз паўтары гадзіны пасля праходжання мяжы яго зняла з цягніка і затрымала памежная служба ФСБ.

17 сакавіка 2026 года Невельскі раённы суд прызнаў Кацэбу вінаватым у незаконным перасячэнні мяжы (ч. 2 арт. 322 КК РФ) і прызначыў дзевяць месяцаў калоніі строгага рэжыму.

Восенню 2026 года Кацэбу вызваляць — і ў чарговы раз дэпартуюць. Забраць прах жонкі і вырашыць пытанні з кватэрай ён зноў не зможа.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула