Добраахвотнік Лахвіч пацвердзіў, што запісаў «пакаяннае» відэа паголеным налыса пасля сустрэчы з Батуліным
Гісторыя з «пакаянным» відэа беларускага добраахвотніка Аляксандра «Лахвіча» Наўковіча атрымала працяг.
Аляксандр «Лахвіч» Науковіч. Скрыншот з яго новага відэа з тлумачэннем сітуацыі
Пасля таго як ролік выклікаў рэзананс, Лахвіч апублікаваў яшчэ адно відэа, у якім фактычна пацвердзіў: запіс «пакаяннага» звароту стаў вынікам ягонага канфлікту з іншым беларускім добрахвотнікам Радыёнам «Генам» Батуліным.
Паводле слоў Лахвіча, пасля публічнай крытыкі Батуліна яны сустрэліся асабіста.
«З чаго ўсё пачалося: Гена згадаў мяне ў сваім сторыз, я жорстка яму адказаў, перагнуў. Учора выпадкова мы з ім пабачыліся, мне патлумачылі папулярна, што так нельга. Я папрасіў прабачэння, гэтага было недастаткова. Запрапанавалі некалькі варыянтаў», — сказаў Лахвіч.
Пасля гэтага з'явілася відэа, дзе добраахвотнік паголены. Лахвіч сцвярджае, што пасля яны з Батуліным «паціснулі адзін аднаму рукі і разышліся».
Напярэдадні Лахвіч апублікаваў у сваім фэйсбуку відэа, дзе згадаў некалькі старых гісторый, звязаных з Батуліным. Ён згадаў падзеі ў Адэсе ў 2022 годзе, а таксама гісторыю са збіццём былога добраахвотніка ПКК з пазыўным «Назгул». Такія паводзіны Лахвіч назваў «нешляхетнымі».
Менавіта пасля гэтага, паводле нашых крыніц, і пачаўся канфлікт.
У асяроддзі беларускіх добраахвотнікаў адразу з'явілася версія, што рэакцыя на словы Лахвіча была вельмі жорсткай, а ягонае наступнае «пакаяннае» відэа стала вынікам асабістай размовы з людзьмі з кола Батуліна.
«Пакаянны» ролік выклікаў рэзананс. На ім Лахвіч без сваіх знакамітых вусоў называў сябе «свінапасам», казаў, што вусы — гэта «адзнака шляхты», а ён сваімі ўчынкамі нібыта не заслужыў права іх насіць.
Далей ішоў шэраг самапрыніжальных выказванняў, а таксама напады на Аляксандра «Жэрара» Красоўскага, які цяпер знаходзіцца ў СІЗА ва Украіне.