Трамп асабіста папрасіў Сі Цзіньпіна паўплываць на Пуціна, каб спыніць вайну ва Украіне
Трамп паведаміў Сі, што перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік.
Сустрэча Сі Цзіньпіна і Дональда Трампа ў Пекіне, 15 мая 2026. Фота: Evan Vucci/Pool Photo via AP
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп асабіста звярнуўся да старшыні КНР Сі Цзіньпіна з просьбай аказаць ціск на Уладзіміра Пуціна для спынення вайны ва Украіне. Як паведамляе South China Morning Post са спасылкай на некалькі крыніц, знаёмых з перамовамі, гэтае пытанне ўзнімалася на саміце ў Пекіне ў мінулым месяцы.
Паводле слоў суразмоўцаў выдання, Трамп паведаміў Сі, што перамовы паміж Расіяй і Украінай зайшлі ў тупік, і заклікаў яго выкарыстаць уплыў Пекіна на Маскву, каб вярнуць яе да дыялогу з Кіевам.
Як адзначае SCMP, такі зварот адлюстроўвае жаданне Вашынгтона больш актыўна ўцягнуць кітайскі бок у працэс урэгулявання канфлікту, які Трамп пасля вяртання ў Белы дом зрабіў адным з ключавых напрамкаў сваёй знешняй палітыкі.