БЕЛ Ł РУС

Google збіраецца выпусціць 32 мільёны няпростых камароў у Каліфорніі і Фларыдзе

2.06.2026 / 12:55

Ідаля Салавей

Тэхналагічны гігант накіраваў запыт ураду ЗША на правядзенне маштабнага экалагічнага эксперыменту, які прадугледжвае выпуск мільёнаў стэрыльных насякомых для барацьбы з распаўсюджваннем смяротных хвароб.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Камары лічацца самымі небяспечнымі для чалавека істотамі ў свеце. Штогод яны распаўсюджваюць такія захворванні, як ліхаманка дэнге, вірус Заходняга Ніла, Зіка, чыкунгунья і малярыя, ад якіх паміраюць сотні тысяч людзей. Барацьба з гэтымі насякомымі вядзецца ўжо дзесяцігоддзямі, але поўнасцю вырашыць праблему пакуль не ўдалося.

Традыцыйна для кантролю колькасці камароў выкарыстоўваюцца пестыцыды і знішчэнне месцаў іх размнажэння. Аднак абодва падыходы маюць свае абмежаванні. Хімічныя сродкі могуць быць шкоднымі для навакольнага асяроддзя, а з часам насякомыя выпрацоўваюць да іх устойлівасць. Знайсці і ліквідаваць усе стаячыя вадаёмы, дзе развіваюцца лічынкі, таксама практычна немагчыма.

Таму навукоўцы ўжо шмат гадоў шукаюць іншыя спосабы. Адзін з іх — так званы метад стэрыльных насякомых, які выкарыстоўваецца супраць шкоднікаў у сельскай гаспадарцы і насякомых-пераносчыкаў хвароб ужо некалькі дзесяцігоддзяў.

У выпадку з камарамі сутнасць падыходу заключаецца ў выпуску вялікай колькасці спецыяльна падрыхтаваных самцоў. Вядома, што самцы не кусаюць людзей і не пераносяць хвароб. Іх заражаюць натуральнай бактэрыяй Wolbachia. Калі такі самец спароўваецца з дзікай самкай, яе яйкі не развіваюцца і не вылупляюцца. У выніку колькасць камароў паступова змяншаецца ад пакалення да пакалення.

Менавіта на гэтай тэхналогіі пабудаваны праект Debug, які развівае Google. Як паведамляе The Guardian, кампанія звярнулася да Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША (EPA) з просьбай дазволіць выпуск да 32 мільёнаў такіх самцоў камароў у Каліфорніі і Фларыдзе на працягу двух гадоў. Цяпер рэгулятар вывучае заяўку і павінен вырашыць, ці выдаваць дазвол на эксперыментальнае выкарыстанне метаду.

На першым этапе праект накіраваны на барацьбу з відам Aedes aegypti. Менавіта гэтыя камары адказваюць за большасць выпадкаў заражэння дэнге, жоўтай ліхаманкай, вірусам Зіка і чыкунгуньяй у свеце.

Нягледзячы на незвычайнасць ідэі, для Google гэта не выпадковы эксперымент. Праект Debug узнік яшчэ каля дзесяці гадоў таму ў даследчай лабараторыі Google X, якая займаецца амбіцыйнымі тэхналагічнымі распрацоўкамі. Пазней яго развіццём займалася кампанія Verily Health, якая ўваходзіць у холдынг Alphabet і спецыялізуецца на прымяненні тэхналогій і аналізу даных у ахове здароўя. У канцы 2024 года праект цалкам перайшоў пад кіраванне Google.

Для рэалізацыі праграмы кампанія выкарыстоўвае ўласныя тэхналагічныя распрацоўкі. Інжынеры і навукоўцы Google ствараюць аўтаматызаваныя сістэмы для развядзення камароў, выкарыстоўваючы датчыкі і інструменты аналізу даных. А алгарытмы камп’ютарнага зроку і штучнага інтэлекту дапамагаюць аддзяляць самцоў ад самак і разлічваць, колькі насякомых неабходна выпусціць у канкрэтным месцы.

Эфектыўнасць тэхналогіі ўжо правяралася ў Сінгапуры. Там кампанія Debug супрацоўнічае з дзяржаўным праектам Wolbachia, у рамках якога выпускаюцца самцы камароў з бактэрыяй Wolbachia. Паводле даных сінгапурскіх уладаў, у раёнах, ахопленых праграмай, колькасць камароў Aedes aegypti скарацілася на 80‑90 %. За шэсць-дванаццаць месяцаў пасля пачатку праграмы колькасць выпадкаў ліхаманкі дэнге там зменшылася больш чым на 70 %.

У Google лічаць, што гэтыя вынікі сведчаць пра перспектыўнасць метаду. Калі амерыканскія рэгулятары дадуць дазвол, кампанія паспрабуе паўтарыць поспех Сінгапура ў Каліфорніі і Фларыдзе, выпусціўшы мільёны бяспечных для чалавека самцоў камароў для барацьбы з іх небяспечнымі дзікімі суродзічамі.

Чытайце таксама:

Камароў прыцягваюць людзі, якія напярэдадні пілі піва і займаліся сэксам

Ліхаманка дэнге: трапічная хвароба, якая распаўсюджваецца ў Еўропе

Генетыкі вывелі суперкамара, які падабаецца самкам і радзей хварэе на малярыю

Каментары да артыкула