БЕЛ Ł РУС

Міліцыянты перадалі 32‑гадовай кіроўцы «Гелендвагена» на блатных нумарах, што ў нас так не паркуюцца

2.06.2026 / 16:44

Nashaniva.com

У сацыяльных сетках выклікаў рэзананс учынак кіроўцы пазадарожніка «Гелендваген», які прыпаркаваўся ў Мінску проста на ходніку каля ганка «Акадэмкнігі» ля станцыі метро «Акадэмія навук». Міліцыянты знайшлі вадзіцеля — 32‑гадовую грамадзянку Казахстана. 

«Паважаныя казахі, хто гасцюе ў Мінску, перадайце, калі ласка, што ў нас так не паркуюцца», — так падпісала сваё фота карыстальніца Threads з нікам glitchofthegalaxy.

На здымку — «Гелендваген» з прыгожымі казахстанскімі нумарамі, які прыпаркаваны проста на тратуары. Фота сабрала мноства праглядаў. Былі сярод іх і прагляды ад ДАІ. 

Акрамя таго, у ДАІ паступіла інфармацыя, што гэты «Гелендваген» стаяў на паркінгу ГЦ «Замак» на месцы, прызначаным для транспартных сродкаў людзей з інваліднасцю.

Таксама супрацоўнікі маніторынгу дарожнага руху выявілі, што жанчына перавозіла 2‑гадовага хлопчыка на пярэднім пасажырскім сядзенні без спецыяльнага прыстасавання.

Супрацоўнікі ДАІ ўстанавілі кіроўцу — 32‑гадовую грамадзянку Казахстана.

Прэс-служба ДАІ паведамляе, што за парушэнні жанчына прыцягнута да адказнасці. Як менавіта, не ўдакладняецца. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула