БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, якога святара-стараабрадца затрымалі ў Пастаўскім раёне

4.06.2026 / 14:17

Nashaniva.com

На мінулым тыдні ў Куклянах проста падчас богаслужэння быў затрыманы грамадзянін Літвы, які называў сябе духоўным настаўнікам мясцовай стараабрадніцкай грамады. Яму пагражае дэпартацыя.

Гэта Міхаіл Рыбакоў — настаўнік Пералазскай дрэўля-праваслаўнай стараабрадніцкай грамады ў Літве, піша «Хрысціянская візія».

Рыбакоў — вядомая фігура ў стараабрадніцкім свеце краін Балтыкі. Ён дзесяцігоддзямі кіраваў Пералазскай грамадай у Ёнаўскім раёне Літвы і абараняў яе незалежнасць ад Літоўскай стараабрадніцкай царквы ў судах аж да Вышэйшага адміністрацыйнага суда. Грамада пазіцыянуе сябе як беспапоўскую духоўную іерархію.

Затрыманне выклікала абурэнне сярод мясцовых вернікаў, адна з прыхаджанак на публікацыю раённай газеты пра затрыманне рэзка адказала: «Напісана хлусня. Чаму не напісалі, колькі Чалавек зрабіў для людзей, прыбраў Маленную, прывёў у парадак, спрабаваў выкупіць стары дом, каб можна было яго аднавіць і перадаць для грамады». Яна таксама адзначыла, што выканкам «ні на грам не дапамог словам або справай».

Чытайце таксама:

У Пастаўскім раёне затрымалі грамадзяніна Літвы, які прыехаў да мясцовых старавераў

Грамадзяніну Літвы, што ладзіў у Пастаўскім раёне стараверскія богаслужэнні, пагражае дэпартацыя

Каментары да артыкула