Польшча ўвяла абмежаванні на палёты каля мяжы з Беларуссю
Польшча ўводзіць абмежаванні на палёты ў паветранай прасторы ўздоўж межаў з Беларуссю і Украінай. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 10 чэрвеня і будуць актуальныя да 9 верасня, паведаміла Польскае агенцтва аэранавігацыйнага абслугоўвання.
Фота: pansa.pl
З меркаванняў бяспекі на ўсходзе краіны абмяжуюць палёты на вышыні да трох кіламетраў. Пры гэтым пасажырскія самалёты змены не закрануць, бо яны звычайна лётаюць значна вышэй.
У начны час — ад заходу да ўсходу сонца — у вызначанай зоне будзе дзейнічаць поўная забарона на палёты. Выключэнне зроблена для вайсковых паветраных суднаў і асобных рэйсаў, узгодненых з вайскоўцамі.
Удзень у зоне змогуць працаваць вайсковыя, санітарныя і пошукава-выратавальныя паветраныя судны, а таксама некаторыя іншыя спецыяльныя рэйсы. Пры выкананні пэўных умоў дазволяць і палёты асобных беспілотнікаў.
Паводле інфармацыі польскіх авіяцыйных службаў, абмежавальная зона будзе цягнуцца ўздоўж усёй мяжы Польшчы з Беларуссю і Украінай і ў розных месцах распаўсюджвацца на 20—50 кіламетраў углыб польскай тэрыторыі.
Улады папярэджваюць, што ўваход у гэтую зону без адпаведнага дазволу будзе лічыцца парушэннем авіяцыйнага заканадаўства.
Чытайце таксама:
Больш за 150 чалавек пакаралі за ўвоз у Беларусь беспілотнікаў
Беларускае падраздзяленне ва Украіне апублікавала ВІДЭА са сваёй баявой працай
Кіраўнік ДНР паведаміў пра ўдар дрона па аўтобусе Масква — Сімферопаль
У сацсетках пішуць, што ў Слуцку ўпаў расійскі «Шахед». Улады маўчаць