Уладзімір Зяленскі звярнуўся да Пуціна з адкрытым лістом, які нагадвае ўльтыматум
У лісце Зяленскі апісвае цяперашнюю сітуацыю на фронце і ў Расіі і прапануе прамыя двухбаковыя перамовы — або ўзмацненне ўдараў.
Уладзімір Зяленскі
Калі вы больш за 26 гадоў таму ўзначалілі Расію, шмат хто ва Украіне ставіўся да вас пазітыўна. Так было. Гэта ўжо ў мінулым.
Зараз абсалютная большасць украінцаў успрымае пазітыўна тое, што нашы дальнабойныя дроны завіталі на адкрыццё вашага форуму ў Пецярбургу, пераадолеўшы адлегласць у больш чым 1000 кіламетраў. Як вы добра ведаеце, гэтая адлегласць не з’яўляецца мяжой нашых магчымасцяў.
26 гадоў вашай улады цалкам змянілі парадак дня ў адносінах паміж Украінай і Расіяй. Ад абмеркаванняў тавараабароту і іншых цывільных пытанняў нашы народы перайшлі да тэматыкі выключна траплянняў і страт.
Амаль палову з вашых 26 гадоў улады ў Расіі вы правялі ў вайне супраць Украіны.
Што б вы ні гаварылі пра НАТА, геапалітыку і рускую мову, гэтая вайна з’яўляецца вашым асабістым выбарам — вайной без рэальнай прычыны. Менавіта так гэта запомніць гісторыя.
Гэты час мог бы прайсці зусім інакш.
Мы часта чуем, што вайна вас задавальняе. Вядома, не ў тых выпадках, калі гаворка ідзе пра бяспеку вашай рэзідэнцыі на Валдаі ці параду ў Маскве. Ваша ўласнае жыццё для вас каштоўнае.
Але зараз мы ўсе бачым, што гэта нарэшце перастае задавальняць расіян — тое, што вайна прыносіць усё больш негатыву Расіі.
Ім не падабаюцца нашы дроны і ракеты.
Ім не падабаецца дэфіцыт бензіну і пастаянны рост цэн.
Ім не падабаюцца пастаянныя забароны.
Ім не падабаецца ваш намер зладзіць другую хвалю мабілізацыі, каб пашырыць вайну на іншы кірунак ва Украіне ці накіраваць супраць нейкіх яшчэ краін — суседзяў Расіі.
Ім не падабаецца, што вашай вайне не бачна канца.
Так, вы яшчэ дагэтуль можаце прымушаць расіян так існаваць.
Але вашы рэсурсы істотна скарачаюцца.
У вас не хопіць грошай і палітычнай сілы, каб і надалей купляць лаяльнасць расіян, як вы гэта рабілі 26 гадоў. Мы будзем рабіць усё, каб свет пра гэта паклапаціўся.
Як вы самі кажаце, «трэба ўсё падлічыць».
Учора я атрымаў даклад пра страты вашай арміі на фронце ва Украіне ў маі. Гэта зноў больш за 30 тысяч забітых і цяжкапараненых расіян. Мы трымаем менавіта такі паказчык штомесяц, і наконт кожнай вашай страты ў нас ёсць відэапацвярджэнне — гэта не галаслоўна.
Мы ведаем, што ў вашых стратах на фронце 63 працэнты — гэта забітыя, і толькі 37 працэнтаў — параненыя. У ХХІ стагоддзі арміі не могуць дазваляць сабе такога балансу. Надалей доля забітых вырасце.
Не тое каб мы ва Украіне перажывалі за расіян. Пасля ўсяго, што прынесла ва Украіну ваша вайна.
Але я клапачуся пра ўкраінцаў.
Мы губляем сваіх людзей, і кожная наша страта нам баліць. І нават калі ўзровень страт украінскіх адзін да пяці ці адзін да шасці ў параўнанні са стратамі расійскімі, гэта ўсё адно мае вялікае значэнне.
Як мае значэнне і тое, што вы ўжо рэгулярна, раз на некалькі месяцаў, пераносіце крайнія тэрміны захопу нашых рэгіёнаў, перш за ўсё Данецкай вобласці. Вы не захопіце яе і сёлета.
Але мы ва Украіне не хочам пастаяннай вайны. Мы добра ведаем, што без вайны бязмерна лепш. Мы хочам дасягнуць гэтага.
Я ўпэўнены, што большасць расіян гатовая даць на гэта станоўчы адказ, і вы пра гэта ведаеце.
Шмат хто не верыў, што Украіна пратрымаецца столькі часу ў абароне.
Вы не верылі. І тыя, хто вам раіў, таксама не верылі. Гэта было памылкай.
Вы не чакалі паўнамаштабнага супраціву ад Украіны і не прагназавалі, што ўсё зайдзе так далёка. Але мы ўсе тут — на пятым годзе паўнамаштабнага сутыкнення.
Не бойцеся выйсці з вайны — гэта галоўнае, што зараз ад вас патрабуецца.
Украіна захоўвае незалежнасць. І захавае. Насуперак любым іншым прагнозам.
Мы аб’ядналі многіх у свеце на абарону Украіны і супраць вас. Мы знайшлі зброю і фінансы.
Мы атрымліваем падтрымку, вы — санкцыі. І так будзе працягвацца, пакуль не будзе справядлівасці для Украіны, якой мы хочам і якая можа быць дасягнута.
Мы не дамо дасягнуць поспеху тым, хто спрабуе вас пераканаць, што санкцыі супраць Расіі будуць адчувальна паслабленыя і што падтрымка Украіны будзе адчувальна скарочаная без істотных змен у вашай пазіцыі адносна Украіны. Прыклад Орбана дэманструе, якой ганьбай заканчваюць тыя, хто выбірае дапамагаць Расіі ў вайне супраць нас.
Украіна прайшла цяжкія зімы, калі вы спрабавалі знішчыць нашу энергетыку. Мы выстаялі, і нават у цемры стойкасць украінцаў захавалася.
Мы перанеслі вайну на вашу тэрыторыю, і вы б не справіліся з гэтым без дапамогі Паўночнай Карэі. Вы першы кіраўнік Расіі, які быў змушаны звяртацца па дапамогу ў Пхеньян.
І сёння вы цалкам залежыце ад Кітая — таксама ўпершыню ў гісторыі Расіі.
Вы разлічвалі, што ўкраінцам не хопіць сіл абараніць сябе, але цяпер нашы хлопцы дапамагаюць будаваць абарону нашым партнёрам на Блізкім Усходзе і ў Заліве.
Вы спадзяваліся на ўнутраную смуту ва Украіне, але гэта супраць вас узбунтаваліся вашыя ж вайсковыя фармаванні. 23 чэрвеня будзе чарговая гадавіна, і замоўчванне не сатрэ з гісторыі гэты факт.
І гэта зараз на вас глядзяць з відавочнай стомленасцю вашыя ж чыноўнікі, бізнэсмены і прапагандысты. Свет гэта бачыць.
У свету няма стомленасці ад Украіны, на якую вы доўга разлічвалі. А вось ад Расіі ёсць стомленасць нават у тых у глабальным свеце, хто дапамагае вам абыходзіць санкцыі і падтрымліваць на плаву эканоміку.
Вы не можаце гэтага не заўважаць. Пасля 26 гадоў старасць пачала браць сваё. Чым далей, тым большай будзе стомленасць і ад вас.
Мы бачылі дакументы ад разведкі, што вы зараз разглядаеце планы вайны яшчэ і на 2027 і 2028 гады. Таксама мы ведаем, што вы спадзяецеся, што балістыка зробіць для вас тое, чаго не зрабіла ўсё іншае. Вы хочаце ўцягнуць яшчэ больш у вайну Беларусь, і зараз мы змушаныя рыхтавацца яшчэ і да гэтага. Мы бачым, што вы разыгрываеце нейкую партыю з Прыднястроўем. Вашы прапагандысты пагражаюць так ці інакш усім суседзям Расіі. Ці сапраўды вы хочаце прайсці праз усё гэта?
Выбар зараз за вамі.
Даволі вайны.
Украіна прапануе скончыць гэту вайну.
Трэба зрабіць гэта сумленна, годна і гарантаваць, што не будзе новага распальвання вайны.
Мы бачым, што Злучаныя Штаты надаюць усю сваю ўвагу пытанню Ірана, і няправільна проста чакаць, калі ў іхняй увазе чарга дойдзе да вайны ў Еўропе.
Украіна прапануе скончыць вайну ў фармаце паміж намі і вамі.
Я прапаную вам сустрэчу.
Усе чулі, як вашы прадстаўнікі, усміхаючыся, гаварылі, што я нібыта магу прыехаць у Маскву. Але пасля такіх 26 гадоў украінскаму лідару ў вашай сталіцы, як і расійскаму лідару ў Кіеве, рабіць няма чаго.
Ёсць краіны, якія традыцыйна прымаюць лідараў для вырашэння пытанняў вайны і міру. Швейцарыя, Турцыя, краіны Арабскага свету — шмат хто можа і хоча прыняць гэтую сустрэчу.
Менавіта лідары вырашаюць ключавыя пытанні — так было і будзе заўсёды.
Я прапаную вызначыць дакладную дату сустрэчы.
Мы чулі, што вам паабяцалі на Алясцы вырашэнне нейкіх рэчаў, якія тычацца Украіны і Еўропы. Але вы бачыце, што ўкраінскія і еўрапейскія пытанні вырашаюцца не ў Анкорыджы.
Да пачатага паміж намі двухбаковага трэка могуць далучыцца іншыя вызначаныя ўдзельнікі.
Паколькі вайна працягваецца ў Еўропе, і нам ва Украіне патрэбны гарантыі бяспекі, і вы для сябе хочаце гарантый бяспекі, лагічным падаецца ўдзел тых, хто сапраўды можа выступіць гарантамі.
Мы лічым, што ўдзел Еўропы патрэбны — тых, хто сапраўды мае здольнасць уплываць на сітуацыю.
Мы лічым, што Злучаныя Штаты павінны быць у працэсе, і гэта тое, што можа вызначыць канфігурацыю новай архітэктуры бяспекі ў нашай частцы свету.
Мы ўжо мелі досвед многіх дамоў з Расіяй і Мінскіх пагадненняў, якія не спрацавалі. Таму трэба знайсці перш за ўсё нашы двухбаковыя адказы на пытанні, якія ёсць, і не хавацца ад складаных пытанняў за любымі фармулёўкамі, тэхнічнымі групамі або стратай часу ў чаўночнай дыпламатыі.
Сваёй вайной вы назаўжды размежавалі Украіну і Расію.
Лінія фронту зараз — гэта лінія, з якой павінна пачацца дыпламатыя.
Украіна гатовая спыніць агонь цалкам — на час, пакуль будуць трываць перамовы. І гэта стандартная практыка, якую пацвярджаюць зараз і абставіны вакол Ірана. Спроба ўсталяваць рэальную цішыню — гэта найлепшы старт, каб пачаць гаварыць адзін з адным. Мы лічым, што гэта будзе не проста спробай, а рэальным спыненнем агню, калі вы гэтага захочаце.
Вы ведаеце, што маніторынг спынення агню па лініі прыпынення могуць забяспечыць Злучаныя Штаты.
Украіна гатовая да абмену ваеннапалоннымі па прынцыпе «ўсіх на ўсіх», і гэта можа стаць добрым пралогам да заканчэння вайны.
Трэба зрабіць сур’ёзныя крокі для вяртання цывільных і дзяцей, якія былі вывезеныя на працягу вайны.
Трэба вызначыць, якой будзе будучыня для ўсіх наступных пакаленняў украінцаў і расіян.
Калі вы асабіста ў сваіх думках не прыйдзеце да ідэі, што гэтую вайну пара завяршаць, Украіна працягне змагацца за сваё існаванне. У нас будуць тыя, хто нас падтрымае.
Але і вам давядзецца значна больш змагацца за ваша існаванне — не Расіі, а ваша асабістае. І гэта не пагроза ад мяне ці Украіны. Гэта факты расійскай гісторыі, якія вы добра ведаеце: калі Расія стамляецца, адбываюцца змены.
Мы можам працаваць на такую стомленасць.
Вы можаце спыніць сваю вайну.
Вечная памяць усім, чые жыцці былі забраныя гэтай вайной.
Слава Украіне!
Чытайце таксама:
Германія, Францыя і Брытанія распрацоўваюць план далучэння Расіі да перамоваў
Зяленскі: Я гатовы да прамых перамоў з Пуціным, каб завяршыць гэтую вайну
«Ёсць добрыя вынікі». Зяленскі пракаментаваў удары па аб'ектах у Расіі
Буданаў: Зяленскі даручыў як мага хутчэй завяршыць вайну, пажадана да зімы