Брытанія 25 гадоў не можа дэпартаваць беларуса — той хлусіць беларускім уладам, што ён не свой. І яны не забіраюць яго дадому
Мужчына паспеў атрымаць у Брытаніі некалькі крымінальных спраў, а цяпер патрабуе, каб яго нарэшце легалізавалі.
Лондан. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўны суд Вялікабрытаніі паставіў кропку ў справе, якая цягнулася чвэрць стагоддзя: грамадзянін Беларусі давёў сваё нежаданне вяртацца на радзіму да найвышэйшай судовай інстанцыі каралеўства — і прайграў. Але сам факт, што справа туды дайшла, ужо варты асобнай гісторыі.
Імя героя суд засакрэціў: забаронена раскрываць што-кольвек, што дазволіла б яго апазнаць. У дакументах ён фігуруе проста як «AM».
Як усё пачалося
AM прыехаў у Брытанію ў 1998-м, тады яму быў 21 год. Ён папрасіў прытулак, але атрымаў адмову. Брытанскія ўлады вырашылі выслаць яго на радзіму — і тут пачалося самае цікавае.
У 2001‑м яго пасадзілі на самалёт у Беларусь. Але на мяжы AM паведаміў беларускім памежнікам нешта такое, пасля чаго тыя вырашылі: гэты чалавек — не беларус. Яго не пусцілі і адправілі назад у Лондан.
З таго моманту схема працавала бездакорна. Брытанія раз за разам спрабавала перадаць AM Мінску — праз пасольства ў 2003-м, праз тэлефоннае інтэрв'ю з беларускімі чыноўнікамі ў 2019-м. І кожны раз беларускі бок, выслухаўшы яго, прыходзіў да высновы, што не можа апазнаць у ім свайго грамадзяніна, і адмаўляўся выдаваць дакументы.
Сам Вярхоўны суд сфармуляваў гэта суха: AM «выпрацаваў наўмысную стратэгію хлусні, заблытвання і падману», каб не даць пацвердзіць сваю асобу.
Вынік: дэпартаваць яго немагчыма, бо краіна, у якую яго высылаюць, не прызнае яго сваім. А іншай радзімы ў яго няма.
Жыццё без дазволаў, але і без дэпартацыі
Усе гэтыя гады AM пражыў у Брытаніі ў падвешаным стане — без дазволу на знаходжанне, без права працаваць, без доступу да паўнавартаснай медыцыны, на мінімальнай дапамозе.
За гэты час паспеў атрымаць некалькі судзімасцяў — за нанясенне цялесных пашкоджанняў і незаконнае пазбаўленне волі, за падробку дакументаў і за нашэнне зброі, — а таксама праблемы са здароўем і залежнасць.
Менавіта на падвешаны стан ён і паскардзіўся: маўляў, гэта парушае яго права на прыватнае жыццё, і Брытанія абавязана нарэшце выдаць яму дазвол на знаходжанне і дазволіць працаваць.
І два ніжэйшыя суды з ім пагадзіліся.
Што сказаў Вярхоўны суд
А вось пяць суддзяў Вярхоўнага суда — не. Аднагалосна, 24 красавіка 2024 года.
Логіка простая: чалавек сам стварыў сваё становішча наўмыснай хлуснёй, і ўзнагароджваць яго за гэта дазволам на знаходжанне — значыць паказаць усім астатнім, што сабатаж уласнай дэпартацыі працуе. Дзяржава ўжо забяспечыла яму дах і ежу, каб ён не апынуўся на вуліцы, — а большага артыкул 8 Еўрапейскай канвенцыі не патрабуе.
AM застаецца ў Брытаніі ў тым самым падвешаным стане. Ніхто так і не змог даказаць, што ён беларус. Але і брытанцам прызнаць не хочуць.