23‑гадовы Руслан з Жабінкі закахаўся ў расіянку і пераехаў да яе. А там і на фронт — і пражыў два тыдні
Звязаўся не з тымі людзьмі, трапіў у расійскую турму і спакусіўся прапановай выйсці на волю.
Руслан на заднім фоне з фотаапаратам на шыі. Фота з адкрыцця першага ў Жабінкаўскім раёне інтэрнату сямейнага тыпу ў 2017 годзе. Фота: Белта
Руслан Круглей рос у Жабінцы ў прыёмнай сям'і, у інтэрнаце сямейнага тыпу. Пасля вучыўся ў Жабінкаўскім ліцэі, захаваліся згадкі пра ягоны ўдзел у алімпіядах.
Урэшце хлопец закахаўся ў расіянку і пераехаў жыць у Расію. Там яго, як лічаць знаёмыя, «кудысьці ўцягнулі і падставілі» — у выніку сеў у турму. І падпісаў кантракт з расійскім войскам ў канцы ліпеня 2025-га, каб хутчэй выйсці з калоніі.
Руслан з яшчэ адным джэнтльменам удачы перад адпраўкай на забой. Фота: УКантакце
Ужо праз два тыдні прыёмным бацькам Руслана ў Беларусі паведамілі, што Руслан знік без вестак.
Хлопец, як можна зразумець з сацсетак, ганарыўся сваёй прыналежнасцю да расійскай арміі, за той кароткі час паміж выхадам з калоніі і знікненнем паспеў запосціць свае карцінкі ў форме.