БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе

5.06.2026 / 23:02

Станіслаў Покуць

Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Гродна 5 чэрвеня адкрыў там новую абласную клінічную бальніцу і з гэтай нагоды папужаў мясцовых дактароў небяспекай вайны, а таксама расказаў, як бядуюць іх калегі ў Еўропе.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: AP Photo Pavel Bednyakov, Pool

Лукашэнка расказаў, што разведка яму далажыла, што падчас візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну яна нібыта сказала Уладзіміру Зяленскаму, што «ў нас ёсць што вам прапанаваць — нашы беларусы». Паводле трактоўкі Лукашэнкі, гэта азначае, што «мы павінны пайсці за чужую волю ваяваць ва Украіну», «мясным фаршам там быць».

Аляксандр Лукашэнка часта і нават часцей за ўсё або хлусіць у такіх заявах, або наўмысна перакручвае сэнс словаў сваіх палітычных праціўнікаў. «Наша Ніва» пакуль не знайшла і такіх словаў Святланы Ціханоўскай. У адкрытых крыніцах знаходзіцца яе цытата з зусім іншым сэнсам: «Мы падтрымліваем украінскую армію і гатовыя ўдзельнічаць у аднаўленні Украіны. Мы гатовыя ўнесці свой уклад у размініраванне, аднаўленне інфраструктуры, падзяліцца нашымі лепшымі практыкамі і дапамагчы ў распрацоўцы праграм рэабілітацыі. Нашы IT-спецыялісты гатовыя дзяліцца тэхналогіямі для абароны ўкраінскай дэмакратыі. Наша дыяспара па ўсім свеце гатова прынесці свой досвед і энергію для аднаўлення Украіны».

Лукашэнка таксама сказаў, што задаў пытанне сваім падначаленым, ці хочуць беларускія дактары ехаць на працу ў Польшчу, але тыя нібыта запэўнілі Лукашэнку, што якраз цяпер поўным ходам пайшоў адваротны працэс:

«Не, кажуць, ужо назад хочуць вярнуцца. Мы гэта адчуваем. Я гэта бачу па нашай камісіі, туды ўжо звяртаюцца збеглыя, у тым ліку дактары і настаўнікі. А чаму назад вяртаецеся? Вы ж туды па заробкі паехалі і іншае. Чужыя!

Калі ласка, мы вас прымем, посуд мыць ці яшчэ нешта. Расходнікі-адходнікі гэтыя, як у дактароў, выносіць сметніцы і іншае. «Мы дактары, мы працаваць хочам». Не, дактары ў нас тут свае ёсць. А вы пакуль вось там.

Вяртаюцца назад. Я не кажу, што гэта кепскія людзі. У асноўным гэта неблагія былі дактары. З'ездзілі, страцілі час, страцілі грошы, некаторыя сем'і свае страцілі. Што атрымалі?»

Пасля гэтага ён стаў пераконваць сабраных, што на Захадзе «нікому мы не патрэбныя», а «патроны падносіць — можна і тут гэтым займацца».

Чытайце таксама:

Лукашэнка заклікаў Арменію быць акуратнай. «Каб не паўтарыць тое, што адбылося ва Украіне»

Лукашэнка нервова пракаментаваў візіт Ціханоўскай у Кіеў

Лукашэнка пра Кім Чэн Ына: Ён ніякі не дыктатар

Пуцін і Лукашэнка пагаварылі праз тэлефон

Былая супрацоўніца пратакола Лукашэнкі Дар'я Шманай стала кіраўніцай таямнічай беларускай арганізацыі ў Маскве

Каментары да артыкула