Кім Чэн Ын з дачкой назіралі за выпрабаваннем новага эсмінца
Кіраўнік КНДР разам з дачкой Кім Чжу Э сёння назіраў за выпрабаваннямі новага эсмінца «Кан Гон».
Фота: KCNA
«Таварыш Кім Чэн Ын падняўся на эсмінец Кан Гон і азнаёміўся са станам цэнтра кіравання і іншых розных месцаў і пастоў баявых разлікаў, планам хадавых выпрабаванняў і паэтапнымі планамі выпрабаванняў узбраення карабля. У прысутнасці Кім Чэн Ына былі праведзены хадавыя выпрабаванні карабля для ацэнкі розных аператыўных магчымасцяў», — гаворыцца ў паведамленні Паўночнакарэйскага тэлеграфнага агенцтва.
Кім Чэн Ын папрасіў кіраўнікоў, вучоных і тэхнічны калектыў галіны даследавання карабля і сістэмы ўзбраенняў «з пачуццём гонару за місію і высокай адказнасці паспяхова прасунуць працэс выпрабаванняў для ацэнкі здольнасці да аператыўнага выканання і як мага хутчэй перадаць эсмінцы «Чвэ Хён» і «Кан Гон» у распараджэнне ВМС, цёпла натхніўшы іх», — напісала KCNA.
Фота: KCNA
Дэлегацыя на эсмінцы была прадстаўнічай: сакратар ЦК Працоўнай партыі Карэі (ППК), першы намеснік кіраўніка аддзела ЦК ППК, камандуючы ВМС, дарадца Міністэрства абароны Пак Чон Чхон, намеснік міністра абароны і начальнік Галоўнага ўпраўлення ўзбраенняў, начальнік Галоўнага ўпраўлення ракетабудавання, прэзідэнт Акадэміі нацыянальнай абароны, начальнік Упраўлення экспертызы ўзбраенняў Міністэрства абароны, камандаванне ВМС і адказныя работнікі галіны караблебудавання.
Фота: KCNA
Апошнія два гады Кім Чэн Ын рэгулярна з'яўляецца на важных мерапрыемствах з Кім Чжу Э, і і пра яе кажуць як пра верагодную пераемніцу.
Лічыцца, што Кім Чжу Э нарадзілася ў канцы 2012 — пачатку 2013 года, таму ёй можа быць 13 год. Цягам 2012 года яе маці Лі Соль Чжу не з’яўлялася на публіцы і не згадвалася ў паўночнакарэйскіх СМІ, што пазней звязалі з яе цяжарнасцю.
Першае публічнае з’яўленне Кім Чжу Э адбылося ў лістападзе 2022 года ў 10‑гадовым узросце, калі яна суправаджала свайго бацьку падчас запуску міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Хвасон-17».
Дзяржаўныя СМІ спачатку называлі яе «любімай дачкой» Кім Чэн Ына, але пазней пачалі характарызаваць як «паважаную дачку». Пасля дзяўчына стала рэгулярна суправаджаць бацьку на розных важных мерапрыемствах.
Так, у сакавіку гэтага года яна з бацькам наведала ваеннае прадпрыемства і папрактыкаваліся ў стральбе, потым пратэсціравалі танк і нават прымалі парад.
А 16 лютага яна прысутнічала на адкрыцці ў Пхеньяне вуліцы ў гонар загінулых у Курскай вобласці паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.
У Нацыянальнай службе разведкі Паўднёвай Карэі раней зазначалі, што па-ранейшаму разглядаюць розныя варыянты планаў Пхеньяна пакінуць пасаду ў спадчыну (краінай кіруе ўжо трэцяе пакаленне Кімаў пачынаючы з 1950 года). Цалкам магчыма, што Кім Чэн Ын захоча працягнуць гэтую традыцыю.
У Кіма ёсць старэйшы сын Чэн Чжу, ён 2010 года нараджэння, але пра яго мала вядома. На фотах з афіцыйных мерапрыемствах яго не бачна, магчыма, ён, як і бацька ў маладосці, вучыцца ў Заходняй Еўропе.
Кім Чэн Ын кіруе КНДР з 2011 года, яму 44 гады.