На вайне ва Украіне паранілі палітыка, экс-дэпутата Алега Цягнібока
У аўтамабіль трапіў дрон.
Фота: УНІАН
На фронце атрымаў раненне былы народны дэпутат, старшыня аб'ядання «Свабода» Алег Цягнібок, піша УНІАН.
Пра гэта паведаміў гарадскі галава Івана-Франкоўска Руслан Марцінкіў: «Алег Цягнібок паранены на фронце. Ён разам з таварышамі быў у адным аўтамабілі, у які трапіў варожы дрон. Жадаем хуткага аднаўлення!», — напісаў мэр горада.
Алег Цягнібок нарадзіўся ў Львове ў 1968 годзе. Лідарам партыі «Свабода» стаў у 2004 годзе. Ён быў народным дэпутатам трох скліканняў, таксама двойчы балатаваўся на прэзідэнта Украіны. На выбарах 2014 года набраў 1,16 працэнта, заняўшы 10‑е месца, але абагнаў Дзмітрыя Яраша, у якога было 0,7 працэнта.
Цягнібок яшчэ да анексіі прапаноўваў пазбавіць Крым яго аўтаномнага статусу і папярэджваў, што ўся Расія «хворая на імперскі сіндром».
Быў адным з лідараў Майдана 2013‑2014 гадоў.
Разам з Арсенем Яцанюком, Віталём Клічко браў удзел у перамовах з Януковічам у студзені 2014 года.
Быў вядомы сваёй антырасійскай рыторыкай, а таксама часам дапускаў антысеміцкія каментары. У 2013 годзе прапанаваў патрабаваць ад Расіі кампенсацыі за Галадамор.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ён добраахвотна далучыўся да УСУ. Цягнібок пайшоў у войска ў першыя дні ўварвання — у канцы лютага 2022 года.
Служыў у структурах спецаперацый, а пазней — у складзе 128‑й брыгады «Дзікае Поле», дзе займаў пасаду намесніка камандзіра батальёна. Мае званне падпалкоўніка.