БЕЛ Ł РУС

Спявак Ap$ent выпусціў новую песню на беларускай мове. І паабяцаў, што такіх будзе больш

6.06.2026 / 15:54

Nashaniva.com

Беларускі музыка Ap$ent (Арсеній Кісляк) выпусціў новую песню на беларускай мове «Сляды» 29 траўня. У размове з тэлеканалам «Белсат» ён анансаваў яшчэ больш беларускамоўных песень і расказаў, што дагэтуль не адчувае сябе зоркай.

Беларускі музыка Ap$ent. Фота: apsentofficial.com

«Мне падабаецца, як гучыць беларуская мова»

Ap$ent кажа, што напісаў «Сляды» на беларускай мове проста таму, што гэта прыносіць яму задавальненне:

«Мне падабаецца, як гэта гучыць, адчуваецца дачыненне да рэанімавання беларускай культуры. Усё ж я беларус, мне падабаецца беларуская культура, я яе паважаю, цаню. І калі я дзеяч культуры, значыцца, павінен таксама ўносіць нейкую лепту. Праўда?»

Некаторыя са сваіх песень музыка называе «Франкенштэйнамі», таму што яны пісаліся часткамі і могуць быць звязаныя з рознымі перыядамі жыцця. «Сляды» ж атрымаліся адразу, праўда, з музыкай было няпроста.

«Я зрабіў пяць розных аранжыровак, каб зразумець, якога настрою павінна быць гэтая песня: ад рэгі да эпічнай інструментальнай. У мяне ёсць песні, якія чакаюць свайго выхаду нават 20 гадоў. І калі зʼяўляецца беларускамоўная песня, я стараюся яе хутчэй зрабіць, бо мне падабаецца, як гучыць беларуская мова. Нават для рускамоўных, якія паважаюць іншыя культуры, гэта гучыць як замежная музыка», — кажа Ap$ent.

Суразмоўца адзначае, што і ягоная жонка Марыя была ініцыятарам таго, каб песня «Сляды» была даробленая і выйшла раней за іншыя:

«Кожны дзень я нейкія новыя матэрыялы пішу, часам паказваю і гэтак далей. Яна нешта чуе і кажа «вось гэта трэба выпусціць». Я не супраціўляюся, для мяне вялікай розніцы няма, што выпускаць. Калі другі голас зʼяўляецца за гэтую песню, я пачынаю над ёй працаваць».

«Як быццам сутнасць творчасці трошачкі памянялася»

Пры гэтым вялікага фідбэку ад аўдыторыі «Сляды» не выклікалі, прызнаецца музыка, аднак ён не сумуе.

«Пры ранейшых абʼёмах, вядома, гэта выглядае не так моцна, але я ж задэклараваў у Threads, што буду ісці да мільярда [праслухоўванняў. — Рэд] з беларускамоўнай песняй. Гэтая не мільярд, але, можа, наступная будзе мільярд. Я апошнім часам не зацыкліваюся на лічбах. Бачу, многія музыкі каментуюць: «мала лічбаў, мала лічбаў». Як быццам сутнасць творчасці трошачкі памянялася. Усе за лічбамі гоняцца, а не за самавыяўленнем», — працягвае Ap$ent.

Канцэрт Ap$ent у Варшаве. 15 верасня 2024 года. Фота: senya_apsent / Instagram

Ён кажа, што ўжо атрымаў папулярнасць, і ў цэлым мае вялікія паказнікі на YouTube, у тым ліку за кошт песні «Можна я з табой», таму цяпер факусуецца якраз на cамавыяўленні.

«Цяпер усе фідбэкі не асабліва моцныя. Па-першае, YouTube у Расіі заблакаваны, а ў мяне там шмат слухачоў. Па-другое, на беларускай мове таксама адразу адвальваецца вялікая колькасць людзей. Па-трэцяе, стыль. Вельмі шмат людзей падпісалася [у сацсетках і на розных сэрвісах. — Рэд.] пасля «Можна я з табой». Мабыць, яны сядзяць і чакаюць, што я напішу другую «Можна я з табой».

Калі на лічбах не зацыклівацца, то, можа, з часам гэта ўсё роўна прынясе вынікі. Няхай прывыкаюць. Беларускамоўных песень будзе больш!», — кажа музыка.

«Па-англійску спяваць я нешта саромеюся»

Пры гэтым рускамоўны матэрыял, які ўжо ёсць, але не выйшаў, таксама ўбачыць свет. Магчыма, гэта будзе адзін альбом або асобныя песні.

Ap$ent. Фота: apsentofficial.com

«Я гэта называю падгрэбці хвасты. Я рыхтаваўся. У нейкі момант я зразумеў, што гучу дрэнна, і мне давялося павучыцца, каб гучанне выйшла на іншы ўзровень. Хачу гэтую працу дарабіць», — гаворыць спявак.

Ён адзначае, што сярод новых песень можа зʼявіцца нават песня на польскай мове.

«Па-англійску спяваць я нешта саромеюся. Слухаю, як астатнія спяваюць па-англійску, і гэта неяк гучыць не аўтэнтычна, другасна, я б нават сказаў. Адзіная мова, на якой беларусы размаўляюць без акцэнту — гэта беларуская. Хочацца гучаць максімальна натуральна», — адзначае ён.

Пад канец гутаркі музыку нагадалі, што два гады таму ён расказаў «Зеркалу», што не адчувае сябе зоркай. Гэта засталося нязменным, кажа Ap$ent:

«Я проста не разумею, што азначае адчуваць сябе зоркай. Вось у суботу зайшоў у адну ўстанову — дзяўчына падышла, былая палітзняволеная, падзякавала за песню. У бар хадзіў — фоткаліся са мной людзі.

Я як быццам не разумею гэтага. Не стаіць у мяне пад вокнамі тысяча чалавек і не скандуе «Ap$ent, Ap$ent». Я не ведаю, як наогул людзі ўспрымаюць сябе зоркай, што гэта значыць? Я займаюся творчасцю, а не самалюбаваннем».

Чытайце таксама:

Спявак Ap$ent: У адрозненне ад вясёлкавых поні кшталту Калеснікавай я ніколі не забуду жэсць 2020‑2022 гадоў

Спевака Ap$ent абвінавацілі, што ён кінуў музыкаў на грошы. У таго іншая версія

AP$ENT заявіў, што больш не будзе выпускаць песні па-беларуску: «яны кепска форсяцца»

AP$ENT выдаў хіт «Можна я з табой» на ангельскай

Каментары да артыкула