БЕЛ Ł РУС

Кіраўнік МЗС Украіны: Расіі ўсё адно давядзецца скончыць вайну дыпламатычным шляхам, але ўмовы будуць горшыя

7.06.2026 / 09:09

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Украіны даводзіць, якую памылку робіць Пуцін, адмаўляючыся ад перамір’я.

Андрэй Сібіга. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што, адмовіўшыся ад прамых перамоў з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін упусціў шанец выйсці з няўдалай вайны, і пазней Расіі давядзецца пагадзіцца на дыпламатычнае ўрэгуляванне на значна горшых умовах.

«Для расіян няма добрых навін. Адмовіўшыся ад прапановы прэзідэнта Зяленскага пра прамыя мірныя перамовы, Пуцін упусціў шанец выйсці з гэтай правальнай вайны.

Сітуацыя для Расіі будзе толькі пагаршацца. Страты на полі бою будуць далей расці. Паразы стануць усё больш зневажальнымі. Эканоміка яшчэ глыбей пагрузіцца ў рэцэсію. Знікне яшчэ больш працоўных месцаў, падаткі будуць расці, а інфляцыя мацней за ўсё ўдарыць па самых уразлівых пластах насельніцтва.

У Расіі ўжо няма бяспечных месцаў, якія маглі б пазбегнуць дальнабойных санкцый Украіны. Але іх інтэнсіўнасць будзе працягваць расці. Міжнародны ціск не аслабне. Ён будзе толькі ўзмацняцца. Уключаючы замарожванне актываў, забароны на паездкі і непазбежную адказнасць за злачынствы», — піша Сібіга. 

Дыпламат падкрэсліў, што Пуцін ніколі не дасягне сваіх мэтаў на полі бою, і «яму лепш адмовіцца ад сваіх трызненняў пра тое, што Украіна хутка разваліцца, падтрымка яе партнёраў аслабне ці ціск на Расію зменшыцца».

«Расіі ўсё адно давядзецца пагадзіцца на дыпламатычнае рашэнне, але ўмовы будуць значна горшыя. Адмова Пуціна ад міру павінна прывесці да значнага ўзмацнення міжнароднага ціску на Расію і падтрымкі Украіны».

Уладзімір Зяленскі ў адкрытым лісце 4 чэрвеня прапанаваў Пуціну сустрэцца асабіста, каб скончыць вайну. 

Пуцін сказаў, што прачытаў адкрыты ліст Зяленскага і «не бачыць сэнсу ў правядзенні сустрэчы».

Чытайце таксама:

Пяскоў заклікаў не забягаць наперад з высновамі адносна ліста Зяленскага

Стаўка большая, чым жыццё: што азначае ліст Зяленскага Пуціну

Пуцін назваў «хамствам» адкрыты ліст Зяленскага. І адмовіўся ад сустрэчы з ім

Каментары да артыкула