БЕЛ Ł РУС

Бабруйскі ўхілянт бегаў ад войска, пакуль не злавілі. Пасля дэмбеля паехаў ваяваць за Пуціна — у адзін канец

9.06.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Стала вядома пра гібель на фронце яшчэ аднаго беларуса, які пайшоў ваяваць за Расію. 29‑гадовы Андрэй Мігай на радзіме бегаў ад ваенкамата, але служыць усё ж прымусілі. Пасля перабраўся ў Расію, знайшоў сабе расіянку і вырашыў сарваць куш. 

Андрэй Мігай нарадзіўся ў Бабруйску ў сакавіку 1996-га. 

Скончыў Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, па дадзеных Belpol, у Мігая была судзімасць за ўхіленне ад войска. Аднак, усё ж адслужыў. 

Андрэй Мігай. Фота: «УКантакце»

Пасля дэмбеля з'ехаў у Расію, знайшоў там дзяўчыну, працаваў на будоўлі зваршчыкам. Па якой прычыне ў канцы 2025‑га вырашыў ехаць на фронт — невядома. 

У лютым 2026 года, пасля вучэбкі, беларусу даверылі кіраваць падраздзяленнем з дзясятка смяротнікаў, якое кідалі ў мясныя штурмы. Сам Мігай пры гэтым таксама быў штурмавіком, проста на паперы — начальнікам. 

Ужо 13 сакавіка 2026 года Мігая, па словах яго дзяўчыны, прызналі без звестак зніклым, а 6 мая выявілася праўда — Мігай загінуў. 

Андрэй Мігай, фота з архіва былой дзяўчыны 

Наступная група расійскіх штурмавікоў сфатаграфавала целы тых, хто загінуў да іх. У адным з трупаў сваякі Мігая і апазналі яго — па фотаздымку спіны з характэрнымі адзнакамі. 

Жывы Андрэй Мігай (злева) на вяселлі ў Беларусі. Фота: УКантакце

Расійская армія не бярэ на сябе рызыку эвакуацыі цел у раёнах актыўных баявых дзеянняў — усё, што рухаецца, знішчаюць украінскія дроны. Таму дадому, у Бабруйск, прыехаў толькі расійскі ваенны білет і жэтон байца 506 мотастралковага палка 27 гвардзейскай дывізіі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула