Пасярэднікам у перамовах Украіны і Расіі можа стаць праваслаўны патрыярх
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп разглядае магчымасць прыцягнуць Іерусалімскага патрыярха Феафіла III да пасярэдніцтва ў перамовах паміж Расіяй і Украінай аб спыненні агню. Пра гэта паведамляе ізраільскае выданне Ynet са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з абмеркаваннямі ў Белым доме.
Феафіл ІІІ. Фота: Rachel Sharoni / Pikiwiki Israel
Паводле інфармацыі выдання, 74‑гадовы патрыярх Феафіл ІІІ можа стаць дадатковым каналам сувязі паміж Масквой і Кіевам і садзейнічаць наладжванню дыялогу паміж бакамі. Таксама сцвярджаецца, што напрыканцы чэрвеня ў яго можа адбыцца сустрэча з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Афіцыйнага пацвярджэння гэтай інфармацыі, аднак, пакуль няма.
У Вашынгтоне лічаць, што Феафіл III карыстаецца даверам як у Расіі, так і ва Украіне, а таксама мае вопыт удзелу ў гуманітарных і дыпламатычных ініцыятывах. Адной з яго галоўных пераваг называюць рэпутацыю непалітычнай асобы з высокім рэлігійным і маральным аўтарытэтам у праваслаўным свеце.
Феафіл III узначальвае Іерусалімскую праваслаўную царкву з 2005 года і лічыцца адным з найбольш уплывовых праваслаўных іерархаў.
Паводле крыніц, блізкіх да патрыярха, адміністрацыя Трампа спадзяецца дасягнуць прагрэсу ў пытанні ўрэгулявання расійска-ўкраінскай вайны і разглядае гэтую ініцыятыву як адзін з магчымых шляхоў для прасоўвання мірнага працэсу.
Чытайце таксама:
Ціханоўская перадала ліст патрыярху Варфаламею, які прыехаў у Літву
75‑гадовы архіепіскап БПЦ папрасіўся на спачын — але яму дазволілі застацца