На дачных участках хочуць забараніць лазні з саўнамі
У Беларусі прапануюць забараніць аказанне паслуг лазняў, саўнаў і арганізацыю забаўляльных мерапрыемстваў на дачных участках у садовых таварыствах. Адпаведны праект указа «Аб удасканаленні дзейнасці садаводчых таварыстваў» падрыхтавала Міністэрства эканомікі і вынесла яго на грамадскае абмеркаванне, якое працягнецца да 18 чэрвеня.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / David Goldman
У ведамстве лічаць, што здача дачных дамкоў разам з лазнямі, альтанкамі і зонамі адпачынку фактычна з'яўляецца дзейнасцю ў сферы аграэкатурызму. Паводле дзейных правіл, такія паслугі дазваляецца аказваць толькі ў населеных пунктах.
Калі прапанаваныя змены будуць прынятыя, на землях, прызначаных для калектыўнага садаводства і дачнага будаўніцтва, нельга будзе арганізоўваць камерцыйныя паслугі лазняў і саўнаў, а таксама праводзіць забаўляльныя, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы.
Улады тлумачаць прапанаваныя абмежаванні тым, што садовыя таварыствы першапачаткова ствараліся для калектыўнага садаводства і агародніцтва, а не для вядзення бізнэсу. Яшчэ адной прычынай называюцца шматлікія скаргі дачнікаў на шумныя кампаніі, гучную музыку, вечарынкі і крыкі, якія перашкаджаюць суседзям адпачываць.
Праект змяненняў прадугледжвае і іншыя навінкі. У прыватнасці, плануецца спрасціць перадачу электрасетак у дзяржаўную ўласнасць. Для будаўніцтва або рамонту ліній электразабеспячэння больш не спатрэбіцца выключаць адпаведныя зямельныя ўчасткі з уласнасці грамадзян, як гэта патрабавалася раней.
Акрамя таго, прапануецца змяніць парадак прыняцця рашэнняў аб уключэнні тэрыторыі садовага таварыства ў межы населенага пункта або аб наданні самому таварыству статусу населенага пункта. Калі цяпер для гэтага неабходная згода ўсіх членаў таварыства, то ў будучыні можа хапіць падтрымкі не менш як дзвюх трацін уласнікаў участкаў.
Чытайце таксама:
Пад Мінскам прадаюць дом з уласнай прыстанню. Ёсць і вінны склеп. Пра цану можна паспрачацца
«За ўсё, уключаючы рамонт, выйдзе $10 000 па курсе». Як мінчук будуе дом з марскога кантэйнера
У Іўеўскім раёне ўначы згарэла аграсядзіба. Недакурак кінуў сам гаспадар