Пайшла ў банкруцтва найстарэйшая турыстычная арганізацыя Беларусі
Эканамічны суд Мінска прызнаў кампанію «Беларускі спадарожнік» банкрутам і прыняў рашэнне аб яе ліквідацыі. План завяршэння працэдуры крэдыторы павінны ўзгадніць да лютага 2027 года, піша выданне «Белорусы и рынок».
Фота: «Яндэкс-Карты»
Заяву аб банкруцтве ў лютым 2026 года падала падатковая інспекцыя. Паводле матэрыялаў справы, запазычанасць прадпрыемства перад бюджэтам складала 8,1 тысячы рублёў. Пры гэтым кампанія не мела актываў, не вяла гаспадарчай дзейнасці і з сярэдзіны 2023 года заставалася без кіраўніка.
Падчас працэдуры эканамічнай неплатаздольнасці антыкрызісны кіраўнік выявіў, што агульная запазычанасць перад усімі крэдыторамі набліжаецца да 75 тысяч рублёў. Адзіным выяўленым актывам аказалася доля ў кампаніі «Бюро», ацэненая ўсяго ў 72 рублі.
«Беларускі спадарожнік» быў правапераемнікам Бюро міжнароднага маладзёжнага турызму «Спадарожнік», створанага ў 1958 годзе. У савецкі час арганізацыя фактычна была манапалістам у сферы міжнароднага і ўнутранага маладзёжнага турызму.
Пасля распаду СССР беларускаму боку ўдалося захаваць кантроль над рэспубліканскім падраздзяленнем, нягледзячы на прэтэнзіі з Масквы. У сярэдзіне 1990‑х гадоў прадпрыемства было перададзена пад кіраванне Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.
Чытайце таксама:
Тураўскі малочны камбінат перайшоў пад амаль поўны кантроль братоў-бізнэсменаў
Полацкі малочны камбінат пайшоў у банкруцтва
Адзін з найбуйнейшых беларускіх вытворцаў свініны пайшоў у банкруцтва