Украіна атакавала цэнтр вытворчасці беспілотнікаў на аэрадроме пад Разанню
8 чэрвеня ўкраінскія беспілотнікі атакавалі аэрадром Пратасава ў Разанскай вобласці Расіі. Відэа ўдару было апублікавана ў тэлеграм-канале «Досье шпиона», піша The Moscow Times.
Скрыншот з відэа
На кадрах бачна, як дрон пікіруе на аб'ект і выбухае. Незалежныя назіральнікі сцвярджаюць, што відэазапіс быў зроблены менавіта на тэрыторыі аэрадрома Пратасава.
На тэрыторыі аэрадрома размяшчаецца навукова-вытворчы цэнтр «Пратос», які спецыялізуецца на распрацоўцы і вытворчасці беспілотных лятальных апаратаў, а таксама камплектуючых, праграмнага забеспячэння і сістэм кіравання.
Цэнтр пачаў працу ў ліпені 2024 года. Да чэрвеня 2026 года ў ім дзейнічалі 54 кампаніі-рэзідэнты. Адной з галоўных пераваг пляцоўкі называлася магчымасць выпрабоўваць беспілотнікі на ўзлётна-пасадачнай паласе дзейнага аэрадрома.
Інфармацыі пра пацярпелых або маштабы разбурэнняў пакуль няма. Расійскія ўлады на момант публікацыі афіцыйна не паведамлялі пра наступствы атакі.
Раней украінскія сілы ўжо наносілі ўдары па расійскіх прадпрыемствах, звязаных з вытворчасцю беспілотнікаў. У красавіку быў атакаваны завод «Атлант Аэра» ў Таганрогу, дзе вырабляюцца дроны «Маланка» і камплектуючыя для цяжкага беспілотніка «Арыён». Паводле інфармацыі Генеральнага штаба Украіны, тады былі знішчаныя два і пашкоджаныя чатыры вытворчыя памяшканні прадпрыемства.
Чытайце таксама:
Украінскія дроны з ШІ аўтаномна збіваюць «шахеды»: іх пусцілі ў серыю
Зяленскі папярэдзіў Пуціна, што Украіна «вельмі блізкая» да стварэння балістычнай ракеты
Украіна: Расіяне павялічылі колькасць дронаў, якія запускаюцца з Беларусі