БЕЛ Ł РУС

Міліцыя затрымала падазраванага ў тым, што дашкольнікі на Міншчыне атруціліся

9.06.2026 / 14:58

Nashaniva.com

З ім праводзяцца следчыя дзеянні.

«Падазраваны затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў рамках крымінальнай справы па ч. 1 арт. 336 Крымінальнага кодэкса Беларусі. З ім праводзяцца следчыя дзеянні. Вызначаюцца іншыя пацярпелыя. Прадукцыя адклікана і канфіскавана з мэтай недапушчэння яе далейшай рэалізацыі. Прызначаны шэраг экспертыз», — гаворыцца ў паведамленні СК.

Прычынай атручэння назвалі парушэнні санітарна-эпідэміялагічных норм, дапушчаныя работнікам падчас вытворчасці малочнай прадукцыі.

«У ходзе праверачных мерапрыемстваў таксама ўстаноўлена, што падобныя парушэнні не з’яўляюцца сістэмнымі і не носяць масавы характар. Іншых падобных парушэнняў не зафіксавана», — заявілі ў СК.

Нагадаем, што на мінулым тыдні, 2 і 3 чэрвеня, у Барысаўскую бальніцу звярнулася 30 дзяцей з млоснасцю і ванітамі з 11 садкоў. Да пятніцы ўсе дзеці былі выпісаныя.

Яшчэ 13 дзяцей пацярпелі ў іншых населеных пунктах Мінскай вобласці.

У панядзелак Мінздароўя паведаміла, што прычынай атручвання стаў кісламалочны напой «Біфідзін» вытворчасці ТАА «Біямолпрам». Лабараторныя даследаванні пацвердзілі, што напой не адпавядае патрабаванням мікрабіялагічнай бяспекі. Работа прадпрыемства была прыпыненая.

Чытайце таксама:

«Дзеці пілі той самы напой». Бацькі з іншых гарадоў пра атручэнне дашкольнікаў у Барысаве

Атручэнне дашкольнікаў зафіксавана і ў іншых населеных пунктах

Атручэнне дзяцей у Барысаве адбылося ў 11 садках

Стала вядома, чым атруціліся дзеці ў барысаўскіх садках

Каментары да артыкула