Армянскага сябра Лукашэнкі затрымалі пры спробе вылецець з краіны, на яго завялі крыміналку за падаткі
Гагіку Царукяну не хапіла 20 галасоў на выбарах, каб прабіцца ў парламент. Але бяда не прыходзіць адна.
У Арменіі заведзена крымінальная справа супраць лідара партыі «Квітнеючая Арменія» Гагіка Царукяна, яго абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, піша Ateo Breaking.
Царукян сёння спрабаваў зляцець з Арменіі, але праваахоўныя органы не дазволілі яму гэтага. Яго партыя на апошніх выбарах не прайшла ў парламент, набраўшы менш за 4% галасоў. Яму наогул не хапіла 20 галасоў, каб трапіць у парламент.
The Insider у сваім артыкуле таксама згадвала Царукяна, называючы яго «сябрам Крамля».
Армянскі мільярдэр Гагік Царукян называў сябе сябрам Лукашэнкі, нават у свой час сустракаў яго ў аэрапорце і адвозіў у свой асабняк. А таксама прэзентаваў Лукашэнку бочку каньяку, якая павінна ў Ерэване дачакацца вяселля Колі Лукашэнкі.