БЕЛ Ł РУС

Беларусь яшчэ больш павялічыла пастаўкі бензіну і дызельнага паліва ў Расію

9.06.2026 / 16:05

Nashaniva.com

У маі 2026 года Беларусь нарасціла чыгуначныя пастаўкі нафтапрадуктаў на расійскі рынак на фоне дэфіцыту паліва ў Расіі, выкліканага сезонным ростам попыту і зніжэннем вытворчасці пасля атак беспілотнікаў на шэраг расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, паведамляе выданне The Moscow Times.

Мазырскі НПЗ. Фота ілюстрацыйнае

Паводле звестак галіновых крыніц, пастаўкі аўтамабільнага бензіну з беларускіх НПЗ у Расію ў маі выраслі на 11% у параўнанні з красавіком і склалі каля 57 тысяч тон. Адгрузкі дызельнага паліва павялічыліся на 23% — амаль да 50 тысяч тон. Акрамя таго, у Расіі было пастаўлена больш за 5 тысяч тон авіяцыйнай газы.

За студзень—май 2026 года пастаўкі бензіну з Беларусі ў Расію павялічыліся амаль у 13 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і перавысілі 270 тысяч тон. Экспарт дызельнага паліва вырас утрая — да 179 тысяч тон.

Частка гэтай прадукцыі вырабляецца з расійскай давальніцкай нафты, якая перапрацоўваецца на Наваполацкім і Мазырскім НПЗ. Атрыманая прадукцыя пастаўляецца як на расійскі рынак, так і на экспарт.

Адначасова Беларусь павялічыла транзітныя пастаўкі нафтапрадуктаў праз расійскія парты. У маі праз Мурманск і Астрахань было адпраўлена каля 165 тысяч тон бензіну для экспарту ў трэція краіны. Усяго за першыя пяць месяцаў года аб'ём транзітных паставак беларускіх нафтапрадуктаў праз парты РФ вырас у 2,5 раза і дасягнуў прыкладна 1,53 мільёна тон.

Эксперты звязваюць рост паставак з неабходнасцю часткова кампенсаваць страты расійскай нафтаперапрацоўкі пасля серыі ўкраінскіх удараў па інфраструктуры НПЗ.

Чытайце таксама:

У маі Расія ўстанавіла рэкорд па экспарце нафты

У Цюмені загарэўся буйны НПЗ. Ад Украіны датуль 2000 кіламетраў

«ЛНР» следам за Крымам увяла ліміт на продаж бензіну

У Краснадарскім краі пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў узнік пажар на НПЗ

У Растоўскай вобласці пасля нападу БПЛА загарэлася нафтасховішча, у Саратаўскай — НПЗ

Каментары да артыкула