Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў
Намёкі на раскрыццё адной з найвялікшых тайн чалавецтва — вось што атачае «Дзень выкрыцця» (Disclosure Day) Стывена Спілберга.
Фота: кадр з трэйлера
Яшчэ за некалькі дзён да прэм’еры пра «Дзень выкрыцця» (Disclosure Day) амаль нічога не было вядома. Рэжысёр стужкі Стывен Спілберг дадаваў інтрыгі ў інтэрв’ю і ў фінальным трэйлеры — маўляў, ён цяпер глядзіць на прышэльцаў не як на істот з навуковай фантастыкі, а як на нешта, што, можа, ужо пачынае раскрываць сябе.
«Дзень выкрыцця» яўна парадуе канспіролагаў. Там два галоўныя героі, метэаролаг Маргарэт Фэйрчайлд (Эмілі Блант, зорка «Д’ябал носіць Prada») і эксперт па кібербяспецы Дэніэл Келнер (Джош О’Конар), якія даведваюцца пра доўгую змову ўрадаў і карпарацый датычна іншапланетнікаў. І вырашаюць гэта ўсё раскрыць.
Дэніэл звязаны з уплывовай арганізацыяй Wardex, падазрона падобнай да «Людзей у чорным» з аднайменнай франшызы. Той арганізацыяй кіруе Ноа Скэнлан (Колін Фёрт), чыя мэта — схаваць ад людзей праўду пра іншапланетнікаў. Не дзіва, што людзі з Wardex распачынаюць паляванне на Келнера.
Фота: кадр з трэйлера
Спілберг зняў свой першы вялікі фільм пра іншапланетнікаў ажно 49 гадоў таму, у 1977-м. Гэта былі «Блізкія кантакты трэцяй ступені», культавы сай-фай пра электрыка, які змяняецца пасля сустрэчы з НЛА. У 1982‑м Спілберг прэзентаваў «Іншапланетніка» — душэўную гісторыю самотнага хлопчыка і ягонага сябра-прышэльца. А ў 2005‑м выпусціў сваю версію «Вайны сусветаў» па Герберце Уэлсе з Томам Крузам у галоўнай ролі.
Цяпер тэма іншапланетнікаў модная, і Спілберг схапіў момант. Вясной 2022‑га ў амерыканскім Кангрэсе ўпершыню за 50 гадоў прайшлі публічныя слуханні па той тэме, іх ладзілі і ў наступныя гады. У 2023‑м на адным з такіх слуханняў былы амерыканскі разведчык і два былыя вайскоўцы пад прысягай расказалі пра досвед кантактаў з НЛА. А ў маі 2026‑га амерыканскія спецслужбы рассакрэцілі дзясяткі гігабайтаў даных па тэме НЛА, і мусіць рассакрэцяць яшчэ болей.
«Я цяпер нашмат больш схільны, чым калі здымаў «Блізкія кантакты», лічыць, што мы не адзіная разумная цывілізацыя ў Сусвеце», — кажа Спілберг у фінальным трэйлеры «Дня выкрыцця». І дадае:
«Я раней казаў сабе, ці не было б цудоўна, калі б усё гэта аказалася праўдай? Ці не будзе цудоўна для людзей ведаць, што гэта ўсё — праўда?»
Новы фільм здымалі ў вялікай сакрэтнасці. Джош О’Конар расказваў журналістам, як гэта праяўлялася:
«Калі мне прывезлі сцэнар, я якраз здымаўся ў новай частцы «Дастаць нажы» і быў у гатэлі. Туды прыехаў кур’ер на матацыкле, аддаў мне сцэнар, а на наступны ранак кур’ер зноў прыехаў і забраў сцэнар. За час кар’еры я з такім ніколі не сутыкаўся».
О’Конар мяркуе, што такі ўзровень сакрэтнасці можа быць звязаны з асобай Спілберга — маўляў, усім цікава, што ж новае здымае той геній.
Асабліва ад гледачоў хавалі апошнюю частку фільма. Спілберг сам пацвердзіў, што ні секунды з фінала стужкі не выкарыстоўвалася ў яе маркетынгу.
У прома-кампаніі да «Дня выкрыцця» рэжысёр увогуле нагаварыў шмат загадкавага, што цяпер абмяркоўваюць. Напрыклад, разважае — калі іншапланетнікі і існуюць, то, па сюжэце фільма, тую праўду трэба даваць асцярожна. Мяркуючы па першых водгуках, у «Дні выкрыцця» добра паставіліся да хрысціянства, але ў сваім інтэрв'ю Спілберг бязлітасны — шмат каго праўда пра іншапланецян прымусіла б перагледзець стаўленне да сваёй рэлігіі:
«Калі б тая праўда ўся стала вядомая імгненна, калі б урад абвясціў «так, мы хавалі гэта ад вас з 1947-га», гэта б нашкодзіла шмат каму.
Фота: кадр з трэйлера
Фільм таксама даследуе пазіцыю царквы. Што гэта ўсё зробіць з фундаментальнымі перакананнямі, якія ёсць шмат у каго з нас? І Бог з'яўляецца Богам толькі на нашай планеце або ён з'яўляецца Богам для кожнай сістэмы, дзе ёсць цывілізацыя, разумнае жыццё ці жыццё, якое развіваецца?»
І нібыта гэтага было мала, Спілберг зноў і зноў намякае, што выдумкі ў стужцы не так і шмат:
«На маё сціплае меркаванне, фільм пабудаваны на аснове праўды».
Спілберг — не адзіны ў камандзе «Дня выкрыцця», хто пастараўся адысці ад фантазій у гэтай тэме, наколькі гэта магчыма. У тых секундах фільма, якія паказвалі ў трэйлерах, ёсць дзіўны эпізод з актрысай Эмілі Блант. Яе гераіня, вядучая прагнозу надвор’я, спрабуе запісаць чарговы прагноз, але замест расказаў пра тэмпературу і ападкі з яе горла вырываюцца дзіўныя нечалавечыя гукі.
Фота: кадр з трэйлера
Блант прызнавалася журналістам, што тая дзіўная сцэна — не ШІ, і гукі яна прамаўляла сама. У працы над фільмам актрыса натхнялася сапраўднымі сведчаннямі людзей, якія лічаць, што перажылі сустрэчу з іншапланетнікамі. Бо зрэшты, адкуль яшчэ ёй браць інфармацыю?
Фота: кадр з трэйлера
Выглядае, што на здымачнай пляцоўцы працаваў і беларус. У спісе стваральнікаў фільма ёсць загадкавы Ales Brodsky, мастак-дэкаратар, які таксама працаваў у буйных праектах накшталт «Джокера» і «Вестсайдскай гісторыі».
Магчыма, менавіта Алесь адказны за невялічкую згадку Беларусі ў «Дні выкрыцця». У першай палове фільма вам, акрамя іншага, пакажуць штаб-кватэру Wardex з велізарнымі электроннымі экранамі, якія арганізацыя выкарыстоўвае, каб маніторыць свае дрэнныя справы. Будзьце ўважлівыя, бо ў вуглу аднаго з тых экранаў ёсць надпіс Belarus.